"Погляды-6"
04 лютага 2009, 10:11
Выстава прац латышскіх мастакоў "Погляды 6" адчынілася 11 лістапада ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску.
Экспазіцыя прымеркавана да 90-годдзя абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі і ўключае 26 жывапісных, скульптурных і графічных прац. Выстава праводзіцца пры падтрымцы пасольства Латвіі ў Беларусі. Да 9 лістапада з выставай мелі магчымасць пазнаёміцца госці і жыхары Гомеля - з 22 кастрычніка яна экспанавалася ў Гомельскім палаца-паркавым ансамблі.
Наведвальнікі змогуць убачыць карціны такіх сучасных мастакоў, вядомых у Латвіі і за яе межамі, як Яніс Мітрэвіц, Іева Ілтнерэ, Сандра Красціня, Інга Бруверэ, Леанард Лаганоўскіс і Глеб Панцялеяў.
З канца XIX стагоддзя нацыянальнае мастацтва Латвіі прайшло доўгі шлях развіцця. Яно заўсёды вылучалася бясспрэчным прафесіяналізмам і спецыфічным эстэтычным поглядам. "Погляды 6" - гэта "эскізна накіданая карціна" сучаснага выяўленчага мастацтва Латвіі. Працы майстроў, якія прадстаўлены на выставе, - своеасаблівыя загадкі, адказы на якія ў кожнага чалавека свае.
Арганізатары спадзяюцца, што гэта, ужо не першая, выстава латвійскага мастацтва выклікае цікавасць у яе наведвальнікаў. Яна будзе экспанавацца да 30 лістапада.
(паводле БЕЛТА)