Слухай сваё і сваіх
28 сакавіка 2008, 22:49
- Прывітанне, сябры!
Мы вітаем тых, хто зараз з намі, хто знайшоў час, каб правесці гэтыя паўгадзіны разам з беларусамі Латвіі.
Прыкладна так пачынаецца беларускамоўная радыёпраграма таварыства “Сьвітанак”, якая з 1989 года гучыць на канале “Домская площадь” Латвійскага Радыё-4.
Наша перадача не
толькі для беларусаў і пра беларусаў, але для ўсіх, хто цікавіцца
беларускай гісторыяй і культурай, і проста намі – суседзямі-беларусамі.
Мы імкнемся
расказаць нашам слухачам пра самыя галоўныя падзеі ў жыцці не толькі
сталічных беларусаў, але і нашых землякоў з Даўгапілсу, Вентспілсу,
Ліепаі, іншых мясцін Латвіі, дзе існуюць беларускія таварыствы.
Мы радыя кожнай
сустрэчы з цікавымі людзьмі, “тутэйшымі” беларусамі і нашымі гасцямі. І
радыя, што можам пазнаёміць з імі і нашых слухачоў.
Наша праграма - гэта
і магчымасць паслухаць сваю беларускую музыку, народную і сучасную, у
выкананні самадзейных артыстаў і прафесійных калектываў.
Мы спадзяемся, што ў
будучыні Вы зможаце паслухаць, як спяваюць родныя песні і беларускія
гурты з Латвіі, пакуль што яны ў нас цалкам аматарскія. Але хто ведае,
можа з цягам часу нашы самадзейныя спевакі ў Рызе заспяваюць гэтак, як
напрыклад, беларускія “Прымакі” з Беласточчыны. Гэтых спевакоў для нас
адкрыла старшыня таварыства “Сьвітанак” Таццяна Казак, якая
пазнаёмілася з гуртам, калі па запрашэнню польскіх беларусаў гасціла на
Беласточчыне.
Спачатку гарадоцкія
“Прымакі” з’явіліся ў нашым эфіры, а потым і ў нашай латвійскай
сталіцы. Беларускія артысты з Польшчы стрымалі слова, дадзенае Таццяне,
і прыехалі ў Рыгу на святкаванне 85-х угодкаў абвяшчэння БНР.
Спявала і таньчыла з “Прымакамі” ледзь не ўся беларуская Рыга. І не толькі Рыга. Потым быў цудоўны канцэрт у Вентспілсе.
“Засумавалі па
сваіх”, – такую кароткую выснову зрабіла пасля канцэрта зямлячка,
журналістка Валянціна Грыбоўская з горада Ліепаі і падзялілася сваімі
ўражаннямі на старонках не адной газеты.
Сапраўды, беларускія
музыкі не такія частыя госці ў нас, як, напрыклад, у суседняй Летуве. А
калі госці з’яўляюцца, то становяцца добрымі сябрамі. Такімі,
напрыклад, як гурт беларускай сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” з
Менску.
Знаёмству з гэтымі
музыкамі мы абавязаны таксама паездцы старшыні “Сьвітанка” Таццяны
Казак. У той раз яна вярнулася з Вільні, дзе ладзілі сваю канферэнцыю
беларусы Балтыі, і дзе выступаў гурт “Стары Ольса”. Так менчукі
з’явіліся спачатку ў нашай радыёпраграме, а потым прыехалі і ў Рыгу,
дзе прымалі ўдзел у святкаванні пятнаццацігадовага юбілею “Сьвітанка”.
З таго часу сярэднявечныя кампазіцыі і песні ў выкананні гурту “Стары
Ольса” не раз гучалі ў латвійскім радэёэфіры.
На жаль, фармат
нашай радыёпраграмы вельмі абмежаваны, і мы не маем магчымасці даць у
эфір усе тыя песні, якія даспадобы і нам, і нашым слухачам. Так, я
ведаю, што на нашым расейскамоўным канале карыстаецца папулярнасцю тая
ж “Крамбамбуля”, але і яна гучыць не так часта, як хацелася б.
У вас, шаноўныя
наведвальнікі нашага сайта, ёсць магчымасць слухаць гэтыя песні без
усялякіх абмежаванняў. Спадзяемся, што ў бліжэйшай будучыні наша
музычная фанатэка значна папоўніцца. Будзем слухаць сваіх і сваё. Бо я
ў сваю чаргу спадзяюся, што прыйдзе час і Вы зможаце пазнаёміцца з
нашай праграмай не толькі ў эфіры Латвійскага Радыё, але і непасрэдна
на гэтым сайце.
А пакуль што слухайце нас кожную трэцюю сераду месяца на хвалях канала “Домская площадь” у 14 15.
Я ж развітваюся з Вамі , але спадзяюся на хуткую сустрэчу. І таму кажу
- Да спаткання! Цяпла, святла і згоды
зычыць Вам
аўтар і вядучая праграмы Таццяна Касуха
Слухай таксама радыёперадачу таварыства "Сьвітанак"
Latvijas Radio 4 - Doma laukums,
кожную трэцюю сераду месяца на хвалях канала “Домская плошча” у 14 15
у архіве даступныя ўсе радыёперадачы з ліпеня 2004 года
Слухай сваё на беларускіх музычных сайтах:
Слухай сваё на беларускай мове:
Чытай сваё ў Інтэрнэце:
Шукай сваіх у розных краінах свету:
Сайты беларускай дыяспары
Інфармацыя пра сайты дыяспары паводле www.zbsb.org