Аб святкаванні 15-ых угодкаў таварыства "Сьвітанак"
04 лютага 2009, 10:28
Беларускія нацыянальныя колеры ў латвійскім вянку
Рознымі мерапрыемствамі Латвійскае таварыства беларускай культуры адзначыла 15-гадовы юбілей
Пераклад публікацыі ў газеце “Latvijas vēstnesis” аб святкаванні 15-ых угодкаў таварыства "Сьвітанак"

У Балтыйскім Рускім Інстытуце святочным канцэртам і выставамі адзначаўся 15-гадовы юбілей ЛТБК “Сьвітанак”. “Сьвітанак” быў заснаваны “на світанку” адраджэння латвійскай дзяржаўнасці – у 1988 годзе. Беларусы былі адной з першых нацменшасцей Латвіі, якая стварыла сваё нацыянальнае культурнае таварыства. У адрозненне ад большасці іншых, яно магло засноўвацца на даваенных традыцыях беларусаў у Латвіі. Беларусы пачалі трапляць на тэрыторыю Латвіі ўжо ў дзесятым стагоддзі, а ў 16 стагоддзі ў раёне царквы Св. Екаба стаяла беларуская царква святога Міколы, а побач – канторы купцоў з Полацку і Віцебску. Пасля абвяшчэння ў 1918 г. незалежнасці Латвіі беларусы атрымалі грамадзянства, статус нацменшасці і правы на культурную аўтаномію. У Латгаліі, дзе большасць беларусаў пражывала кампактна, было заснавана культурна-асветніцкае таварыства “Бацькаўшчына”. Дзякуючы дапамозе Райніса, у 1921 годзе ў Міністэрстве адукацыі быў створаны беларускі адзел, які да 1934 года адчыніў больш за 50 беларускіх школаў, 4 гімназіі. Працаваў беларускі тэатр, курсы настаўнікаў і выдавецтвы. У часы савецкай улады беларуская дыяспара лічбова павялічвалася, але развіццё нацыянальнай культуры і асветніцтва былі спыненыя, бо быў створаны “савецкі народ”, які гаварыў найбольш па-руску. Аб 15 гадовай працы таварыства ў інстытуцкіх залах сведчылі арганізаваныя выставы кніг і мастацкіх вырабаў. Па меркаванню старшыні таварыства “Сьвітанак” Таццяны Казак найвялікшым дасягненнем таварыства з`яўляецца стварэнне і паспяховая праца Рыжскай Беларускай асноўнай школы. Пад крылом таварыства вырасла Аб`яднанне мастакоў – беларусаў Балтыі “Маю гонар”, у якім працуюць мастакі з усіх трох Балтыйскіх дзяржаў, а таксама са Швецыі. Сваімі разнастайнымі праграмамі свята ўпрыгожылі гурт беларускай песні “Сьвітанак” і вядомая группа беларускай сярэднявечнай музыкі “Стары Ольса” з Мінску.
За вялікія ўнёскі ў захаванне беларускіх культурна-асветніцкіх традыцый і спрыяння культурнаму дыялогу паміж народамі Латвіі ўшанавальныя граматы Латвійскага Міністэрства культуры атрымалі спявачка Александра Ларыёнава і многія іншыя актывісты таварыства. За сваю даследніцкую і грамадскую дзейнасць была адзначана сябра-карэспандэнт Латвійскай акадэміі навук, доктар гісторыі Ілга Апіне, аўтар фундаментальнай працы “Беларусы ў Латвіі” Ілга Апіне і доктар філалогіі Мірдза Абола, якая склала анталогію латышскай паэзіі на беларускай мове, зборнік выступленняў Яніса Райніса па беларускаму пытанню ў Саэйме Латвіі, а таксама нядаўна скончыла стварэнне латышска-беларускага і беларуска-латышскага слоўнікаў. Абедзве вучоныя актыўна працуюць у Міжнароднай Асацыяцыі беларусістаў. Гэтак жа, як і вядомая даследчыца і папулярызатарка Сонца, доктар фізічных навук Наталля Цімаховіч, якая таксама была ўзнагароджана на гэтым мерапрыемстве.
Распавядае Наталля Цімаховіч: “Я нарадзілася ў сям`і, дзе бацька – беларус, маці – полька. Сябе лічу латышкай, бо не толькі бацькі, але і мае далёкія продкі нарадзіліся і выраслі ў Латвіі. Вучылася ў Рыжскай асноўнай школе імя Юры Нэйкена і ўсё жыццё ўдзячная, што школа дала мне правільны накірунак жыццёвага шляху. У школе былі дзеці вельмі розных нацыянальнасцей, мова навучання была латышская, а у сем`ях размаўлялі, як хто: па-расейску, па-польску, на ідыш, па-нямецку, нават па-турэцку. Паміж сабою без ніякага прымусу размаўлялі толькі па-латышску. І гэта не перашкаджала сямейным традыцыям кожнага. У час вайны я два гады вучылася ў беларускай гімназіі ў Індры, дзе авалодала беларускай літаратурнай мовай. Калі вярнулася ў Рыгу, вучылася па-латышску ў сярэдняй школе, потым скончыла фізіка-матэматтычны факультэт Латвійскага Універсытэту. Усё жыццё мая праца была звязана з даследаваннем Сонца. Калі выйшла на пенсію, адразу звярнулася да беларускага і латышскага фальклёру, даследую іх узаемны ўплыў і сувязь з сусветнай культурай. Шлях у “Сьвітанак” знайшла зусім нядаўна. Лічу, што таварыства сапраўды ўсяляк спрыяе захаванню беларускай мовы і культурных традыцый, добра інтэгравана ў латвійскім грамадстве. І не ізалявана ад свету, бо падтрымлівае цесныя стасункі з Беларуссю і беларусамі з Літвы, Эстоніі, Расеі, Канады ды з іншых краінаў свету, з Беларускім Інстытутам навукі і мастацтва ў ЗША, з беларускімі аб`яданнямі ў Аўстраліі і Вялікабрытаніі. Разумею, што магу дапамагчы таварыству сваімі ведамі латышскай і беларускай мовы. Пераклала на латышскую мову тэкст Вячкі Целеша для прыгожай кніжкі, якая была выдадзена таварыствам да юбілею з фінансаваю дапамогаю Латвійскага фонду грамадскай інтэграцыіі. Я хачу нагадаць словы Райніса: “Першы крок за парог – гэта палова шляху.” Мне першы крок дапамаглі зрабіць сям`я і школа. Беларусам, што жывуць ў Латвіі, вярнуцца да каранёў культуры свайго народа можа дапамагчы таксама “Сьвітанак”.