Сяргей Сахараў
28 сакавіка 2008, 22:49
СЯРГЕЙ САХАРАЎ (1880-1954)
Сяргей Сахараў нарадзіўся 17 (29) жніўня 1880 г. у
Полацку. Праз год яго бацькі вымушаны былі пераехаць у вёску Банонь, за
12 вёрст ад горада. Неўзабаве памірае бацька. Маці зноў вяртаецца ў
Полацк, спадзяючыся там зарабіць на пражыццё.
Як сірату хлапчука ўладкоўваюць на поўнае
ўтрыманне ў Полацкае духоўнае вучылішча. Потым ён вучыцца ў Віцебскай
духоўнай семінарыі. Тут Сяргею пашчасціла на настаўніка – ім аказаўся
Дз.Даўгяла, будучы беларускі савецкі гісторык, археограф, краязнавец.
Ён перадаў свайму вучню зацікаўленасць да фальклору, этнаграфіі,
культуры роднага народа.
З 1901 г. юнак працаваў настаўнікам у Люцынскім
павеце. У 1907 - 1911 гг. вучыўся на юрыдычным факультэце Юр’еўскага
унiверсітэта (цяпер Тартускага). Пасля заканчэння вучобы Сяргей
Пятровіч настаўнічаў у Віцебску, працаваў інспектарам народных школ у
Юр’еўскім павеце, а потым узначальваў Люцынскую гімназію. Паводле
мірнай дамовы СССР з Латвіяй (1920), Люцын перадалі Латвіі. С.Сахараў,
заімеўшы там сям’ю, не пакінуў горада. У 1920 – 1921 гг. ён кiраваў
расейскай гімназіяй.
Паводле перапісу 1920 г., у Латвіі пражывала 75
650 беларусаў. Сярод іх шырыўся культурна-асветніцкі рух. Было
заснавана Таварыства “Бацькаўшчына”, якое дамагалася для беларускай
нацыянальнай меншасці культурнай аўтаноміі. Але з-за слабой
арганізаванасці беларусы не змаглі вылучыць у Сейм сваіх
дэпутатаў-абаронцаў. Тады беларуская інтэлігенцыя звярнулася да Яна
Райніса з просьбай узяць на сябе абарону правоў беларусаў. Дзякуючы
Райнісу пры Міністэрстве асветы Латвіі стварылі Беларускі аддзел, і
С.Сахараў узначальваў яго ў 1921-1925 гг. У мясцовасцях з беларускім
насельніцтвам былі заснаваны беларускія школы, гімназіі, сталі
выходзіць на беларускай мове газеты і часопісы. Культурна-засветніцкая
работа сярод беларусаў, як зазначыў пазней С.Сахараў, “вялася пад
духоўным кіраўніцтвам Яна Райніса ў прагрэсіўным, дэмакратычным
кірунку”.
Амаль восем гадоў служыў ён дырэктарам Дзвінскай
беларускай гімназіі, у якой вучыліся дзеці сялян, рамеснікаў, рабочых.
У 1932 г. у сувязі з паступовай ліквідацыяй гімназіі С.Сахараў быў
вызвалены ад пасады дырэктара і вымушаны пайсці ў адстаўку, жыць на
невялікую пенсію.. Аднак гэта дало яму магчымасць актывізаваць збіранне
беларускай народнай творчасці.
За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў)
С.Сахараў з Культурнага фонду Латвіі атрымаў у 1939 г. прэмію, якую
патраціў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця –зборніка “Народная
творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў”. Ён паспеў выдаць
толькі першы выпуск фальклорных запісаў. Рукапісныя другі, трэці і
чацвёрты выпускі – адна з крыніц для папаўнення акадэмічнага выдання
“Беларускай народнай творчасці”.
Есць у літаратурнай спадчыне С.Сахарава асобныя
брашуры – нарысы па гісторыі Латгальскага краю, на школьныя тэмы:
“Кароткая запіска аб існаванні Люцынскай гімназіі…”, ”Гістарычны нарыс
пяцігоддзя дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі…”. Надрукаваў
некалькі навукова-папулярных артыкулаў, прысвечаных старажытнаму
Полацку.
Адно з захапленняў С.Сахарава – складанне календароў. Да прыкладу, ён выдаў “Беларускі каляндар” на 1937 г.
С.Сахараў звяртаўся да чытачоў календара:”…Але
старанна вывучаючы дзяржаўную мову, вучачыся іншым мовам, не будзем
забываць і сваю беларускую мову. Каді б мы нашу родную… беларускую мову
закінулі, забыліся, тады па ўсіх нас і след загінуў бы на зямлі”.
С.Сахарава не стала на 75-м годзе жыцця. Дачка
яго, Ірына Вількель, якая жыве ў Рызе, перадала рукапісную спадчыну
С.Сахарава ў Беларусь, тым самым выканаўшы бацькоўскі запавет. А
каштоўнасць яе ў першую чаргу ў тым, што збіральнік фальклору беларусаў
дасканала даследоваў мала знаны этнаграфічны абшар, сумленна і шчыра
выканаў асабісты наказ Я.Райніса: перадаць нашчадкам скарб
вусна-паэтычнай творчасці продкаў.
У адной з балад сахараўскага зборніка “У зяленым
садзе вятры гудзелі…” расказваецца, як “сівы конь” прывёз на сядзельцы
дадому пасечанаю кашулю паўшага ў бітве воіна. Балада зканчваецца
наказам:
Вазьмі гэту кашульку, вымый яе слязьмі,
Высушы дыхамі, звалкуй не рукамі
I складзі – слоўцамі.
Менавіта з удзячных слоў і складаецца памяць пра
чалавека, які невымерна многа зрабіў для вяртання нацыянальнай
свядомасьці карэннаму беларускаму насельніцтву Латвіі, для ўсталявання
латышска-беларускага ўзаемаразумення.
22 – 24 красавіка 1994 г. Таварыства беларускай
культуры “Сьвітанак” правяло ў Рызе навукова-практычную канферэнцыю
“Шляхі культурна-асветніцкага адраджэння беларусаў Латвіі ў сучасны
момант”, дзе быў ацэнены грамадзянскі вопыт С.Сахарава. Удзельнікі
канферэнцыі, прымеркаванай да саракавых угодкаў смерці незабыўнага
настаўніка і этнографа 22 красавіка наведалі Iванаўскія могілкі, каб
пакланіца магіле пакутніка. Замучаны ён быў адразу пасля вайны
страшэнным пераследам усіх тых, кто ўдзельнічаў у беларускім
(нацыяналістычным!) культурна-асветным руху. Адпаведныя савецкія карныя
органы нават тых, хто вучыўся ў беларускіх школках ці гімназіях,
адпраўлялі на 10-гадовае канцлагернае зняволенне. Хвораму, састарэламу
С.Сахараву нават пасля казахстанскай высылки (1945 – 1950) не дазволілі
жыць у Рызе, у сваёй сям’і.
І
Яшчэ сёння чакае публікацыі яго
фальклорна-этнаграфічная, літаратурна-публіцыстычная спадчына. Многае ў
асэнсаванні яго жыццёвага і асветніцкага подзвігу зроблена Марынай Ліс
і Арсенем Лісам, асобныя запісы змешаны ў шматтомным выданні
“Беларуская народная творчасць”.
Да 115-годдзя з дня нараджэння С.Сахарава з
ініцыятывы таварыства “Беларусь-Латвія” адбылася ў Полацку выстава
“Збіральнік духоўных скарбаў”. У тым жа 1995г., ужо ў Мінску, у Доме
дружбы на выставе “Яніс Райніс і Беларусь” былі прадстаўлены
дакументы, архіўныя матэрыялы, рукапісы – у “падсветку” вялізнай
спадчыны С.Сахарава. Нездарма яго называлі беларускім Нестарам.
Сяргей Панізнік
З кнігі “Крывіцкія руны”
Пра Сяргея Сахарава
* * *
Прыгледзеўшыся да жыцця сваіх суайчыннікаў у
Латгаліі, ён переканаўся, якую багатую культурную спадчыну яны
захоўваюць у сваёй душі. І пачаў запісваць песні, паданні, легенды,
прыказкі, казкі.
У свет народнай паэзіі і мудрасці С.Сахараў
па-сапраўднаму паглыбляецца з 1925 года, калі пачынае працаваць
дыректарам Дзвінскай беларускай гімназіі. Яго вучні запісваюць ад сваіх
родных, аднавяскоўцаў сотні твораў народнай паэзіі. У гімназіі пад
рэдакцыяй С.Сахарава выдаецца на гектографе часопіс “Школьная працца”.
Фальклор на яго старонках займае пачэснае месца, асобныя нумары гэтага
цікавага выдання цалкам прысвячаюцца народнапаэтычнай творчасці.
Сахараў выступае ў часопісе з артыкуламі на розныя тэмы асветнага,
культурна-гістарычнага характару. Разам з тым ён, актыўны і аўтарытэтны
грамадскі дзеяч – дзейсна адстойвае беларускую школу, сацыяльная
інтарэсы насельніцтва Дзвінска, якое абрала яго ў гарадскую думу. На
пахаванні Яна Райніса выступае ад імя ўсёй беларускай грамадскасці
Латвіі, выказвае глыбокі жаль і смутак усіх, хто бачыў у паэце
выдатнага мастака слова братняга народа, чалавека вялікага сэрдца,
абаронцу праўды.
Арсень Ліс
1980 г.
Паштоўка, выдадзеная таварыствам "Сьвітанак" у 1993 г. Мастак Вячка Целеш.
* * *
Дзвінская беларуская гімназія рыхтавала
высокаадукаваную, патрыятычна настроеную беларускую моладзь. Для Сяргея
Сахарава важна было не толькі даць вучню разнастайныя веды, але і
выхаваць з яго чалавека, асобу, грамадзяніна. “Прыемна было назіраць,
як з сялянскай дзяўчыны або хлопца паступова фармуецца чалавек –
інтэлігент з сваім імкненнем і светопоглядам”, - успамінаў С.П.Сахараў.
За час кіравання ім Дзвінскай беларускай гімназіяй з яе сцен выйшла
шмат таленавітай моладзі. Многія з выхаванцаў пазней сталі добрымі
мастакамі, артыстамі, літаратарамі, музыкантамі, навукоўцамі.
Акрамя працы ў гімназіі С.П.Сахараў прымаў актыўны
ўдзел у рабоце розных грамадскіх арганізацый. Ён быў старшынёй
Дзвінскага аддзялення Таварыства беларускіх вучыцялёў у Латвіі,
старшынёй рэвізійнай камісіі беларускага таварыства “Прасьвета”, членам
управы беларускага культурна-асветнага таварыства “Рунь” і беларускага
сельскагаспадарчага таварыства “Аратай”. У гэты перыяд С.П.Сахараў
вядомы і як арганізатар Беларускай дэмакратычнай партыі – першай
беларускай палітычнай партыі ў Латвіі. Аб шырокім аўтарытэце
С.П.Сахарава сярод прагрэсіўна настроенай беларускай грамадскасці
сведчыла і яго абранне ў Дзвінскую гарадскую раду ў якасці прадстаўніка
ад беларусаў.
Такая папулярнасць С.П.Сахарава сярод беларускай
меншасці ў Латвіі, а яго па праву можна лічыць адным з лідэраў
беларускага адраджэнскага руху, прыйшлася не да спадобы камусьці з
шавіністычных колаў латышскага кіраўніцтва. Да таго ж, унутранныя
інтрыгі з боку некаторых беларускіх настаўнікаў, якім, відаць, засціла
каларытная фігура С.П.Сахарава – віднага грамадскага і культурнага
дзеяча, любімага педагога – прывялі да зачынення Дзвінскай беларускай
гімназіі. Так, бяззменнае сямігадовое кіраўніцтва гэтай навучальнай
установай скончылася для С.П.Сахарава ў 1932 годзе адстаўкай.
Пасля актыўнай, напружанай педагагічнай працы
застацца без любімай справы было вельмі цяжка, але моцны характер
С.П.Сахарава, вера ў беларускую ідэю не дазволілі яму расслабіцца. З
гэтага часу С.П.Сахараў актыўна ўключаецца ў літаратурную і
навукова-даследчую працу. Ім быў напісаны шэраг артыкулаў і
даследаванняў па пытаннях гісторыі, культуры. Менавіта ў гэты перыяд
С.П.Сахараў актыўна заняўся падрыхтоўкай да выдання беларускага
фальклору Латгаліі і Ілукстэ, які разам са сваімі памочнікамі пачаў
збіраць з пачатку 20-х гадоў.
1939 годзе ён прадставіў на разгляд у думу
Культурнага фонду Латвіі каля 1100 фальклоных запісаў розных жанраў,
сабраных сярод беларускага насельніцтва. Матэрыял быў ухвалены, а
складальнік атрымаў ганарар, які тут жа перадаў на друкаванне будучых
фальклорных зборнікаў. У 1940 годзе ўбачыў свет 1-шы выпуск “Народнай
творчасці Латгальскіх і Ілукстэнскіх беларусаў”, надрытаваны
С.П.Сахаравым. Але, на жаль, наступныя выпускі так і засталіся ў
рукапісах.
У час Другой сусветнай вайны С.П.Сахараў вярнуўся
да педагагічнай дзейнасці. Працаваў настаўнікам у Рызе (1941) і
дырэктарам-арганізатарам Розэнаўскай (1942) гімназій. Не пакідаў і
фальклорнай збіральніцкай працы. Да таго часу колькасць сабраных і
прасістэматызаваных ім фальклорных твораў дасягнула ўжо трох тысяч
запісаў.
У канцы вайны (красавік 1945 года) па
беспадстаўным абвінавачанні С.П.Сахараў быў арыштаваны як беларускі
нацыяналіст і паводле выраку ваеннай Калегіі Вярхоўнага Суда прысуджаны
да пяці год пазбаўлення волі. Ссылку адбываў у лагеры Батык
Карагандзінскай вобласці Казахстана, дзе працягваў займацца
фалькларыстычнай дзейнасцю – запісваў фальклор зняволеных.
Выпрабаванні не сагнулі Сахарава, не пазбавілі яго
жадання працаваць над фальклорнай спадчынай беларусаў. У 1950 годзе,
вярнуўшыся ў Латвію, ён з падвоенай энергіяй узяўся за ўладкаванне
спраў, звязаных з выданнем беларускай народнай творчасці Латгаліі і
Ілукстэ. Але шматлікія захады па розных інстанцыях, у тым ліку і
зварот у АН Беларусі, так і не прынеслі станоўчых вынікаў. І да гэтага
часу велізарны каштоўны фальклорны матэрыял захоўваецца ў рукапісным
выглядзе ў фондах ЦНБ АН Беларусі і Інстытута мастацтвазнаўства,
этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, а таксама ў Інстытуце мовы і
літаратуры Латвійскай АН. Толькі невялікая частка гэтага народнага
багацця ўведзена ў навуковы ўжытак у тамах серыі БНТ.
Педагагічнай і культурна-асветніцкай праццы
С.П.Сахараў прысвяціў больш за пяцьдзесят гадоў, каля дваццаці пяці з
іх – барацьбе за беларускую школу ў Латвіі. Праца педагога, асветніка,
грамадскага дзеяча дала плённыя вынікі – свядомая беларуская
інтэлігенцыя папоўніла свае рады новымі, свежымі сіламі. Вялікая
колькасць жыхароў Латгаліі і Ілукстэ адчулі сябе сапраўднымі
беларусамі, народам з глыбокімі гістарычнымі і культурнымі традыцыямі.
Заслуга С.П.Сахарава ў тым, што ён першым здолеў падняць, даследаваць
і падрыхтаваць да выдання вялікі, каштоўны пласт народнай
творчасці-фальклор беларускага насельніцтва Латвіі.
Марына Ліс