Самотная зорка Максіма...

09 снежня 2011, 13:08

Акно занавешвалі прыцемкі. Шкілетна-восеньскае галлё патанала, растваралася ў фіялетавым паўзмроку. А яшчэ вышэй - у халодным мроіве - мігцелі, дыяментамі іскрыліся зорныя россыпы. Мы стаялі па гэты бок вечаровага сутоння, баючыся словам варухнуць цішыню, быццам яна была чуйным вартавым касмічнай вечнасці. І тая вечнасць працінала наскрозь - безданню прасторы і часу, марнасцю зразумець галактычную тайну. Але зоркі прыцягвалі. І мы гатовыя былі, як матылькі, ляцець на іх святло...
Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца да сонца зямля.

- Хто мы такія?..

"Паэты заўсёды бліжэй да зор, да існасці рэчаў. Яны ляцяць да іх, згараюць дачасна і самі робяцца зоркамі:

Калі паміраюць паэты,

Што пры жыцці не гнуцца,

У чалавецтва прасветы

На ўсе вякі застаюцца...

 

Гэтыя словы - пра Максіма Багдановіча. Яны зляцелі з вуснаў... Анатоля Грачанікава, таленавітага паэта і цудоўнага чалавека, калі мы адным восеньскім вечарам - як малыя летуценнікі - узіраліся ў зорную далячынь, туды, дзе ярка свяціла Максімава зорка. Было гэта на Прыпяці, падчас сумеснай вандроўкі на радзіму Анатоля Сямёнавіча. То было прасветленае, спавядальнае імгненне перад вечнасцю, якая неўзабаве пакліча да сябе і майго таварыша... Але тады мы разважалі пра паэта, зорка якога хоць і самая яркая, але наводдаль ад усіх...

"Якая прычына, што Максім Багдановіч застаецца для нас ледзь не самай сімпатычнай і роднай постаццю ў гісторыі беларускай літаратуры?" - спытае аднойчы сваіх сяброў Уладзімір Караткевіч. І сам адкажа: "Ён змагаўся наводдаль ад сваёй арміі. Іншым было лягчэй. Яны былі сузор'ем. Ён - самотнай зоркай, якая, вядома, бачыла святло ад вялікай галактыкі свайго народа і ад сузор'я лепшых сыноў яго, паплечнікаў сваіх, - але ўсё ж палала наводдаль.

Нарэшце Багдановіч быў наскрозь гістарычным паэтам, у тым сэнсе, што абуджаў у народзе гістарычнае мысленне, а значыць, і гонар..."

Дзіўная рэч, паэзія Максіма Багдановіча ўмясцілася ўсяго толькі ў адным "Вянку", а пра яго творчасць ды пра саму постаць напісана ў тысячу разоў болей. Яшчэ больш дзіўна, што з цягам часу Максімавы вершы, роўна як і сам ён, прывабліваюць, магнетызуюць усё мацней. І такое прадчуванне, што загадкавая планета (дакладней сказаць - зорка) пад назваю "Максім Багдановіч" яшчэ не дасягнула апагея сваёй арбіты. У чым тут справа? Мы ж, здаецца, усё пра яго ведаем; спасціглі, пранікліся ягонай чуйнай музыкай радка, паэзіяй - па выразе Антона Луцкевіча - "чыстае красы". Дарэчы, якраз Луцкевіч - першы рэцэнзент "Вянка". У 1914 годзе ў "Нашай Ніве" ён так і назваў сваю нататку - "Песьняр Чыстае красы". "Вянок" - гэта праўдзівае перла ў беларускай паэзіі, - пісаў ён. - Раўнаваць М.Багдановіча ні з кім ня будзем: не за тым, што няма лепшых за яго паэтаў (бо такія ёсць), але за тое, што непадобны ён ні на кога".

Што ж гэта за асаблівы свет чыстай красы? І ці толькі ў ім загадка, вабнасць і прыцягальная моц Максімавай паэзіі? Чаму Багдановіч такі актуальны сёння, у XXI стагоддзі?

Бацька паэта Адам Ягоравіч прызнаваў, што сын падчас студэнцтва вёў сіратлівае, адданае літаратуры і навуцы жыццё, сказаць прасцей - кабінетнае. І той літаратурны вобраз Максіма-Кніжніка, якому паэт прысвячае свой "Апокрыф", сімвалізуе захапленне кнігамі. Нам зразумела, што ў вобразе Максіма-Кніжніка насамрэч сам паэт, які спаталяў інтэлектуальную смагу ў бацькавай бібліятэцы. А ў ёй, як вядома, пераважалі працы па беларусазнаўстве - кнігі Шэйна, Раманава, Насовіча, Карскага ды іншых. Дыядор Дзябольскі, Максімаў сябра па гімназіі, згадваў, што Багдановіч пісаў на мове, якую не чуў вакол сябе, а чуў унутры сябе... Зварот паэта да Беларушчыны і рыцарскае слугаванне ёй Дыябор лічыў той загадкай, якая так і не разгадана...

Яшчэ б! Атмасфера тыповай інтэлігенцкай сям'і, дзе панавала расійская культура, рускамоўнае асяроддзе акружала паэта. Як жа гэта зразумела нам, сённяшнім!.. І праз сотню з гакам гадоў мы ўсё яшчэ сядзім на двух хісткіх зэдліках... А як было яму, ды яшчэ жывучы па-за межамі радзіннай зямлі?

Адам Ягоравіч тлумачыў па-свойму сынава захапленне Беларушчынай: "Общий уклон его чувств и влечений в сторону всего родного, белорусского есть дело наследственности - той темной подсознательной сферы, которую мы, рождаясь, выносим на свет Божий как неотъемлемое достояние наших предков".

Даволі пераканаўча, калі ўлічыць, што бацька - выдатны знаўца фальклору і этнаграфіі, значыць, і душы народа, уключаючы Максімаву. Але ці толькі ў гэтым вытлумачэнне Максімавага феномена?

Бацька кажа: выбарам жыццёвага шляху, выбарам мэты сын абавязаны "непераадольнай цязе, роднай стыхіі, інтуіцыі, што далася ад продкаў". "Можа, і так", - пагодзіцца з ім праз шмат дзесяцігоддзяў ужо наш сучаснік Міхась Стральцоў. Ды тут жа ўсумніцца: "Але ж сам Адам Ягоравіч стаяў яшчэ бліжэй да продкаў, чым сын, і бліжэй да скарбаў "бабкі Рузалі". Астатняе зрабіла цвёрдая воля і ўпартасць у працы". Ну, добра. Дададзім сюды яшчэ і талент, пра які чамусьці забыўся Адам Ягоравіч. Мы растлумачым сабе Багдановіча - надзвычай патрабавальнага паэта-майстра, але як растлумачыць нараджэнне ў Багдановіча менавіта беларускага паэта? Адам Ягоравіч меў і талент, і інтуіцыю, што далася ад продкаў, і зайздросную настойлівасць у працы, і цвёрдую волю, аднак не стаў фігурай такога маштабу, як сын, хоць і намнога перажыў яго. Не, мусіць, і "кліч продкаў", і талент, і воля маюць значэнне тады, калі іх прыводзіць у рух якая-небудзь вялікая, грамадска значная ідэя. Для Багдановіча такой ідэяй была ідэя нацыянальнага і сацыяльнага разняволення роднага народа. А прадказаў яе Максіму час.

 

Слухайце час! - гаворыць нам сваім прыкладам Багдановіч.

Запомнім гэта.

Так, Максім Багдановіч - паэт сапраўды чыстай красы. Ён і сам агучыў сваё крэда ў "Апокрыфе"; уласнаручна кананізаваўшы думку аб найвышэйшай каштоўнасці хараства ў жыцці: "Няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсьць той спажытак дзеля душы". Гэтую ж думку ён развіў да найдрабнейшых дэталяў у яшчэ адным апавяданні - "Аб Іконьніку і Залатару".

"Бо ня тое, каго майстра малюе, але тое, як ён гэта робіць, толькі здольнасць і ўлежнасць яго могуць малюнку хвалу і каштоўнасць надаваць", - канкрэтызуе ён свае погляды на сутнасць і ролю мастацтва. Такім чынам, згодна з Багдановічам, функцыі мастацтва павінны арганічна выплываць з літаратурнага твора, рабіць уздзеянне такое, якое насамперш выклікае ў чытача эстэтычныя перажыванні, а гэтыя апошнія ў сваю чаргу ўзбуджаюць у ім патрыятычныя ці нацыянальныя эмоцыі...

Такія эстэтычныя погляды на мастацтва і сёння неабвержныя. Натуральна, крытыкі савецкага часу (асабліва ў 30-х гадах) намагаліся ўгледзець у Багдановічу, у ягонай паэзіі "шкоднае дэкадэнцтва", "непатрэбнае эстэтызаванне", паэтычнае "штукарства дзеля штукарства". Дарэмна, час усё расставіў па сваіх месцах. Якраз дзякуючы сваім поглядам, грунтуючыся на іх, паэт "чыстае красы" пакінуў нам у спадчыну цэлы шэраг сапраўдных мастацкіх шэдэўраў, роўных якім дарма шукаць у ягоных літаратурных сучаснікаў, не лічачы хіба Купалу і Коласа. А такія яго вершы, як шырокавядомыя "Слуцкія ткачыхі", "Пагоня", "Зорка Венера", "Не кувай ты, шэрая зязюля", што сталіся папулярнымі нашымі патрыятычнымі песнямі або рамансамі, назаўсёды застануцца ўзорамі мастацкай дасканаласці.

Погляд Багдановіча на мастацтва ў пэўнай ступені і рацыяналістычны. Ён не прызнаваў (у адрозненне ад большасці) рамантычную тэорыю, згодна з якой вызначальнае ў творчым працэсе - натхненне. Апрача натхнення і прыроджанага таленту паэт вымагаў ад братоў па пяры інтэлектуальных ведаў аб мастацтве і разумовай мазольнай працы над паэтычным радком. Не ў прыклад іншым нашаніўскім "паэтам-самародкам" ці "паэтам з Божай ласкі", ён звяртаў асаблівую ўвагу на аўтарскую працу над тэхнічнай дасканаласцю верша. І тое красамоўна абазначыў у вершаваным "Лісце да Вацлава Ластоўскага".

 

Уменне да ігры Сельеры здабываў

Праз мерны, нудны труд,

ці спраўды забіваў

Ён гэтым талент свой,

як бачна з думак драмы?

Адкажа йскрынка нам, стаката, фугі, гамы

Шмат год калісь на ёй Сельеры вывадзіў

І моцна йграннем тым

іскрынкі зык змяніў.

Ямчэй яна гудзіць. Пявучых згукаў сіла

Праз доўгія гады яе перарабіла,

І тымі спевамі ўся напаена

Навекі чулаю зрабілася яна.

 

Ці ж гэта не актуальна сёння? І ці не патрабаваннем гучаць паэтавы словы, сягнуўшы праз стагоддзе?..

 

Трэба з сталі каваць, гартаваць

гібкі верш,

Абрабіць яго трэба з цярпеннем.

Як ударыш ты ім, - ён, як звон,

зазвініць,

Брызнуць іскры з халодных

каменняў.

 

Але вернемся да зыходнага: чаму Багдановіч такі актуальны сёння?

Недзе 1915 годам датуецца ягоны кароценькі ліст да простых людзей "Хто мы такія?". У ім ёсць наступнае: "Жывём мы паміж палякаў і велікарусаў, народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Бо ёсць велікарусы, што намагаюцца, каб мы забыліся на ўсё сваё, беларускае, выракліся ў велікарусаў, гаварылі і жылі па-іхняму. Ёсць і палякі, каторыя таксама хочуць змяніць нас на свой капыл, каб і мы сталіся палякамі.

Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, пышаецца, мае сабе пашану і павагу.

І - хто ведае? - быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. І будзе скрозь чужое, нязвычнае, а свайго, роднага - нічога".

Час нараджае геніяў. Нарадзіў ён і Максіма - на памежжы стагоддзяў, падчас беларускага адраджэнства. І тая загадка - тайна Багдановіча, пра якую ўжо столькі сказана і напісана, - ці не ў геніяльным прароцтве, якое водгукам даляцела да Максіма, ад яго да нас, і сёння грукае ў нашы серцы:

 

Народ, Беларускі Народ!

Ты - цёмны, сляпы, быццам крот.

Табою ўсягды пагарджалі,

Цябе не пушчалі з ярма.

І душу тваю абакралі, -

У ёй нават мовы няма.

......

Ты крыкнуць не вольны "Ратуйце!"

І мусіш ты "Дзякуй" крычаць...

 

Ці не таму ўсё часцей і часцей паўтараюць сёння маладыя, тыя, хто выйшаў на літаратурнае ўлонне з бязмоўнай нашай школы, Багдановічавы горкія словы: "Беларускіх вершаў у нас яшчэ не было - былі толькі вершы, пісаныя беларускай мовай". Але ж хочацца ўсклікнуць услед паэту нашага часу: "Як жа гэта добра і як нямала, што - хоць мовай! - ды нешта спыняе... Ці не згублена адчуванне мастацкага слова, літаратуры не толькі як вобразнага выяўлення народа, але і як голасу яго? Ці ж можа быць літаратура беларускай, калі яе ўсё менш і менш чытае народ, называемы беларускім?"

Зусім не хочацца ўпадаць у прароцтва, але нічога не застаецца, як увераваць у тое, што і ў XXI стагоддзі народзіцца, прыйдзе геній, які скалыхне застойную бросню нашай абыякавасці да роднага мастацкага слова. І яго кліч-позыў адгукнецца ў нашых серцах.

Максім Багдановіч, ягоная паэзія даюць нам надзею:

 

Хоць зернейкі засохшымі былі,

Усё ж такі жыццёвая іх сіла

Збудзілася і буйна ўскаласіла

Парой вясенняй збожжа на раллі.

 

Вось сімвал твой, забыты краю родны!

 

Бог-дановіч: Богам дадзены. І тут ніякага перабольшання. Ён сапраўды - пасланнік у будучае. Але перад гэтым - адзін з нешматлікіх апосталаў Беларускага Адраджэння, якія ахвярна неслі свой крыж на Галгофу. Услед за Каліноўскім, Францішкам Багушевічам...

Успомнім. Пасля паражэння паўстання 1863-1864 гадоў, здавалася, назаўсёды перакрэслены шлях да Беларушчыны. На вісельнях, на катарзе, у ссылках быў знішчаны інтэлектуальны патэнцыял народа. Культура ўпала так нізка, як ніколі. Да абсурду даведзены цэнзурныя забароны. Як жа нам гэта добра знаёма!..

Але не магла панаваць мураўёўская ноч вечна. Каліноўскі, патаемна пахаваны ў Вільні, уваскрос праз 40 гадоў, увасобіўся ў постацях новых апосталаў Адраджэння. Іх было дваццаць беларусаў і адзін іудзей: Максім Багдановіч, Ігнат Буйніцкі, Максім Гарэцкі, Янка Купала, Якуб Колас, Вацлаў Ластоўскі, браты Луцкевічы, Цётка, Ядвігін Ш... І ніхто з іх не стаў Іудам, не выракся свайго народа. А Максім Багдановіч першым пайшоў на духоўную Галгофу, горда і адзінока несучы свой крыж, які ў паэзіі ягонай стаў увасабленнем зямнога жыцця.

 

Хай жа, як сімвал над ім,

Крыж пра мучэнні нам скажа.

 

Пра тое, што паэтычная муза Максіма была не толькі чыстая ў сваёй красе, але і скіравана на нацыянальна-культурнае адраджэнне, сведчаць факты. Летам 1911 года ён прыязджае з Яраслаўля на Беларусь - наведвае Вільню і Ракуцёўшчыну. Яго запрасілі супрацоўнікі "Нашай Нівы" - Іван і Антон Луцкевічы. А Вацлаў Ластоўскі неўзабаве напіша: "Максім Багдановіч прыехаў у Вільню ўжо як актыўны свядомы прадстаўнік беларускага адраджэння, глыбей сягаючы думкай у будучыню нашага народа, чым мы, прадстаўнікі, згрупаваныя ў цэнтры".

Ці вось яшчэ. Урывак з ліста Пятра Гапановіча стрыечнай Максімавай сястры Анюце, той самай Анюце, у якую быў закаханы паэт: "Заўзятыя адносіны да "самасційнай" Беларусі дарэшты паглыналі ўсе яго турботы (Максімавы. - Аўт.) і ўсю ўвагу. Ён замыкаўся ў сваім пакоі, паглыбляўся ў гэтыя пытанні і ў такой шчыльнай двайной абалонцы, ізаляваны ад жыцця, правёў усе апошнія гады".

Гэта напісана ў 1915 годзе. Багдановіч ужо аўтар "Вянка". Вянок славы, будучай вялікай славы, ляжыць на ягонай галаве, але "логік" Гапановіч не бачыць гэтага. Вецер часу шуміць у лаўровым лісці таго вянка, але "сілагістык" Гапановіч, яры праціўнік Беларушчыны, не чуе гэтага пошуму, нешта мармыча пра "двайную абалонку". "О чалавечы практыцызм, - усклікне ў адчаі праз многа-многа гадоў Міхась Стральцоў, - о цвярозы реалізм мяшчанства, колькі разоў ты браўся выносіць прысуд генію і колькі разоў выносіў прысуд самому сабе!"

Бог-данович: Богам дадзены... Ён склаў сваю душу на алтар Айчыны заўчасна, не дажыўшы нават да ўзросту Хрыста. Але зернейка, шчодра сеянае ім і ягонымі паплечнікамі, буйна прарасло ў васемнаццатым годзе, потым у дваццатыя, калі ў беларускую культуру прыйшлі сотні і сотні пісьменнікаў, мастакоў, вучоных, артыстаў. І нават трыццатыя з іх ГУЛАГамі, даносамі і іудамі не здолелі ўмярцвіць семя, кінутае ў духоўную глебу нацыі Максімам Багдановічам. Яно прарасло Уладзімірам Караткевічам, Міколам Ермаловічам, Рыгорам Барадуліным, Васілём Быкавым, Рыгорам Шырмам, Нілам Гілевічам, Уладзімірам Арловым, Міхасём Скоблам... І ўжо яны ўзялі на сябе падзвіжніцкую ношу. Ужо яны панеслі і нясуць свой крыж на Галгофу. Толькі вось не шмат людзей пакуль суправаджае іх на шляху да новай Беларусі, краіны-браначкі.

Сапраўднага духоўнага ўваскрэсення на Беларусі яшчэ не адбылося. Каб жа яно спраўдзілася, каб не прапалі дарэмна ўсе папярэднія ахвяры, ці не варта нам прыпомніць запаветы Максіма? Жывучы далёка ад роднай старонкі, ён вастрэй за ўсіх прадчуваў, да чаго можа прывесці раз'яднанасць беларусаў у будучыні, і таму настаўляў-папярэджваў:

 

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі мы ўсе разам ляцім

Да зор?

 

...Акно занавешваюць прыцемкі. Неўзабаве ноч адсуне дзень, і голле дрэў учарнее зусім. А пакуль мы па гэты бок вечаровага сутоння. У фіялетавым, студзёна-ясным небе ўспыхваюць зорныя россыпы. Зачараваныя, мы ўзіраемся ў касмічную бездань. Дзесьці там, наводдаль ад усіх, адзінока мігціць яркая, але самотная зорка Максіма. А паблізу яе - зорка Венера. Яны прыцягваюць, вабяць, і мы, як тыя матылькі, гатовыя ляцець на іх святло. Але пакуль мы не ляцім. Што ж нас стрымлівае?..

Калі паміраюць паэты,

Што пры жыцці не гнуцца,

У чалавецтва прасветы

На ўсе вякі застаюцца...

ДАРЭЧЫ

Дом, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч, можа быць адноўлены

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выступіла з ініцыятывай да 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча ўзнавіць дом у Мінску, дзе з'явіўся на свет будучы класік.

Як паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны" са спасылкай на галоўнага архітэктара праекта Анатоля Карпука, вядомыя дакладнае аблічча і месца размяшчэння будынка. Цяпер гэта дваровая тэрыторыя дамоў №№25-29 па вуліцы Багдановіча. Дом быў двухпавярховы, каменна-драўляны. Цалкам магчыма дакладнае аднаўленне знешняга выгляду будынка і інтэр'ераў кватэры гарадской інтэлігенцыі XIX стагоддзя. А ў музеі Багдановіча захоўваюцца рэчы таго перыяду, на базе якіх можна сфарміраваць экспазіцыю.

Зараз трэба будзе даведацца меркаванне грамадскасці сталіцы з гэтай нагоды (праектныя матэрыялы выстаўлены ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска). Калі праект будзе запушчаны, то будаўнічыя працы могуць пачацца вясной.

 

...Маці родная, Маці-Краіна!

Ня ўсьцішыцца гэтакі боль...

Ты прабач. Ты прымі свайго сына,

За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Усё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць...

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць.

"Пагоня".

Георгій Чыгір, 

"Народная воля"

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta