Запрашаем на выставу
25 лістапада 2011, 19:51
У кожнага народа ёсць святыні, якімі мацней за жыццё даражылі мудрыя прашчуры, і якія асвятляюць шляхі іх нашчадкам. Для беларусаў такой святыняй з'яўляецца крыж Еўфрасінні Полацкай.
Менавіта па заказу святой апекункі беларускага народа Святой Еўфрасінні мясцовы майстар-залатар Лазар Богша зрабіў надзвычай прыгожы шасціканцовы крыж, шэдэўр ювелірнага мастацтва, якому наканавана было стаць беларускай святыняй.
Шмат разоў крыж па нядобрай волі пакідаў сцены Спасаўскай царквы, але заўсёды вяртаўся ў родны Полацк. У час другой сусветнай вайны крыж загадкава знік.
У 1997 годзе брэсцкі ювелір-эмаліроўшчык, член саюза мастакоў Беларусі Мікалай Пятровіч Кузьміч узнавіў крыж, які быў асвячоны і перададзены ў Еўфрасіннеўскі манастыр.
Галоўная мастацкая вартасць крыжа - мініяцюрныя выявы святых, зробленыя ў тэхніцы перагародчатай эмалі. Менавіта гэту тэхніку і аднавіў брэсцкі майстар Мікалай Кузьміч. Каб разгадаць тайну старажытнага майстра і ўзнавіць Крыж, спатрэбіліся гады.
Праз час для захоўвання Крыжа Мікалай Кузьміч вырабіў срэбраную стаўратэку і срэбраную раку (гроб з нятленнымі машчамі святой)
Сёлетняй восенню святкуецца 850 - гадовы юбілей стварэння ўнікальнай беларускай святыні - крыжа Еўфрасінні Полацкай. Гэтаму юбілею прысвячаецца і фотавыстава, якую падрыхтавала наша зямлячка, старшыня Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак» Ірына Кузьміч.
На выставе прадстаўлены фрагменты архітэктурнага комплекса Спаса-Еўфрасінеўскага манастыра ў Полацку, здымкі крыжа Еўфрасінні, стаўратэкі. Аўтар выставы спадзяецца, што інтарэс выкліча і тая частка экспазіцыі, дзе выстаўлены здымкі ікон, выкананыя Мікалаем Кузьмічом. Яны сведчаць аб тым, што адноўленая майстрам старажытная тэхніка перагародчатай эмалі, мастацкая традыцыя вялікай Візантыі, стала дастойнай часткай сучаснай культуры Беларусі.
Фатаграфіі дабразычліва прадастаўлены манахіняй Сергіяй (Бульчык) Спаса-Еўфрасінеўскага жаночага манастыра, а таксама Мікалаем Кузьмічом.
Ласкава запрашаем жыхароў Латвіі і гасцей сталіцы пазнаеміцца з беларускай святыняй - крыжом Еўфрасінні Полацкай, а таксама некаторымі творамі сучаснага беларускага ювелірнага мастацтва.
Выстава будзе экспанавацца ў выставачнай зале будынка Асацыяцыі нацыянальнага-культурных таварыставаў Латвіі імя Іты Казакевіч, што на вуліцы Слокас, 37. Адкрыццё выставы - 27 лістапада 2011 г. ў 14 гадзін.