«Паўлiнка» - па месцах Агiньскага
04 верасня 2010, 16:00

У Залессі, невялiчкай вёсачцы, што знаходiцца на Гродзеншчыне, ужо другi год ладзiцца фестываль «Залессе запрашае сяброў". Сёлета яго шаноўным удзельнiкам стаў цудоўны ансамбль беларускай песнi з Лiепаi "Паўлiнка". Паездка на радзiму стала для гэтага гурту жаданым падарункам у год яго 10-годдзя.
Паездка стала магчымай дзякуючы запрашэнню на фестываль старшынi таварыства "Радзiма" Максiма Дубянка, за што суполка беларусаў Лiепаi "Мара" яму вельмi ўдзячна.
Трэба адзначыць, што «Паўлiнка" не адна прадстаўляла на гэтым фестывалi беларусаў замежжа. На яго прыехалi i ў iм удзельнiчалi таксама самадзейныя артысты з Польшчы i з Лiтвы.
«Паўлiнка" ў першы дзень свайго знаходжання на радзiме пазнаёмiлася з горадам Смаргонь - раённым цэнтрам, на тэрыторыi якога i знаходзiцца Залессе. Гэта вёсачка знакамiта тым, што ў ёй 20 гадоў у сваiм сямейным замку жыў i тварыў знакамiты кампазiтар Міхал Агіньскі. Цяпер замак патрабуе аднаўлення, на што неабходныя вялiкiя сродкi. Мясцовая адмiнiстрацыя i вясковыя актывiсты мараць сабраць гэтыя сродкi i з дапамогай фестываля. У першы раз ён прайшоў у мiнулым годзе. Сёлета ён набыў статус мiжнароднага.
Фестываль у Залессi - гэта не толькi канцэрт самадзейных артыстаў. У месцы, дзе калiсьцi ўзвышаўся замак Агiньскага, сабралiся i iншыя творчыя калектывы. Тут можна было захапляцца творамi народнай творчасцi, якiя прапанавалi мясцовыя майстры. Вырабы з сонечнай саломкi, прыгажуна льну, жывапiсныя творы - усё гэта радавала i захапляла людзей. Можна было пасмакаваць стравы, якiя гатуюць гаспадынi Залесся.
Але ж, вядома, галоўнай стравай стаў канцэрт самадзейных артыстаў. Ён прадоўжыўся каля чатырох гадзiн. У яго завяршэнне выступiла "Паўлiнка". Дзяўчаты парадавалi землякоў цiкавай праграмай. Яна ўвабрала ў сябе i вясёлыя творы, i песні пра родную старонку, i пра высокае пачуццё кахання. Гледачы нават не хацелi адпускаць "Паўлiнку". Дамовiлiся аб адным - сустрэнемся праз год. А добрым успамiнам пра гэту сустрэчу стануць падарункi, якiмi абмянялiся гаспадары i госцi з Латвii.
Да новых сустрэч, Залессе!
Валянцiна ГРЫБОўСКАЯ.
На здымку: "Паўлiнка" радуе землякоў роднай песняй.
Фота аўтара.