Беларусь і Латвія падпісалі пагадненне аб спрошчаным перасячэнні мяжы

23 жніўня 2010, 18:11

Беларусь і Латвія падпісалі міжурадавае пагадненне аб спрошчаным парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый дзвюх краін.

Дакумент падпісаны 23 жніўня падчас аднадзённага візіту ў Латвію кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства Сяргея Мартынава, паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

Пагадненне дае жыхарам прыгранічных раёнаў Беларусі і Латвіі права наведваць прыгранічныя тэрыторыі суседняй дзяржавы на падставе дазволаў, што выдаюцца ў спрошчаным парадку, з тэрмінам дзеяння ад аднаго да пяці гадоў. Кошт дазволаў складзе 20 еўра.

У спіс населеных пунктаў, на якія распаўсюджваецца дзеянне пагаднення, з беларускага боку ўваходзяць у тым ліку
Браслаў, Верхнядзвінск, Мёры, пасёлак Відзы; з латвійскага - Даўгаўпілс, Дагда, Зілупе і Краслава.

Пагадненне набудзе моц пасля выканання бакамі адпаведных унутрыдзяржаўных працэдур.

Падчас візіту Мартынаў сустрэўся з прэзідэнтам Валдзісам Затлерсам, прэм'ер-міністрам Валдзісам Дамброўскісам, міністрам замежных спраў Айвісам Ронісам і міністрам транспарту Каспарсам Герхардсам.

Паводле звестак прэс-службы МЗС, кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў абмеркавалі ўвесь спектр пытанняў развіцця беларуска-латвійскага супрацоўніцтва, як на двухбаковым узроўні, гэтак і ў межах міжнародных арганізацый. Апрача таго, міністры абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і ЕС, а таксама супрацоўніцтва ў межах праграмы «Усходняе партнёрства».

З прэзідэнтам Затлерсам абмяркоўваліся «прынцыповыя перспектывы нарошчвання беларуска-латвійскага палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва», зазначае прэс-служба.


Падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Валдзісам Дамброўскісам асноўная ўвага была нададзена разгляду «шырокага кола пытанняў двухбаковага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў сферы інвестыцый, транспарту, транзіту, энергетыкі, вытворчай кааперацыі». Бакі таксама абмеркавалі каардынацыю дзеянняў па падрыхтоўцы запланаваных на 22-25 верасня ў Рызе Нацыянальнай выставы Рэспублікі Беларусь і V Міжнароднага беларуска-латвійскага інвестыцыйнага форуму «Балтыйскі рэгіён 2010».

На сустрэчы з міністрам транспарту Каспарсам Герхардсам, які ўзначальвае латвійскую частку беларуска-латвійскай міжурадавай камісіі па эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве, Сяргей Мартынаў абмеркаваў перспектывы ўзаемадзеяння ў сферы транспарту і транзіту. Дасягнута дамоўленасць аб актывізацыі дзейнасці камісіі, наступнае пасяджэнне якой павінна прайсці ўжо ў верасні гэтага года.

У канцы візіту ў Латвію кіраўнік МЗС Беларусі наведаў Рыжскі свабодны порт, дзе сустрэўся з віцэ-мэрам Рыгі Айнарам Шлесерсам і выканаўчым дырэктарам порта Леанідам Логінавым. Адбыўся прадметны дыялог, прысвечаны перспектывам рэалізацыі канкрэтных двухбаковых узаемавыгадных праектаў па перавалцы беларускіх грузаў, паведамляе прэс-служба.

                                                                            БелаПАН

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta