У беларускім таварыстве "Уздым"

06 ліпеня 2010, 10:00

 

На "Браслаўскіх зарніцах"

У Браславе прайшоў чарговы Міжнародны фестываль "Браслаўскія зарніцы", у якім прымалі ўдзел вакальныя і музычныя калектывы з розных вугалкоў Беларусі, а таксама з Расіі, Польшчы, Украіны, Казахстана, Літвы, Эстоніі і Латвіі.


Ад Даўгаўпілса тут выступіў вакальны калектыў "Ластаўкі" Цэнтра беларускай культуры ў складзе Таццяны Піменавай, Наталлі Зубковай і Веры Талеркі. У выкананні «Ластавак» прагучалі дзве песні кампазітара Анатоля Мядзведзева на вершы Станіслава Валодзькі «Сустракай Беларусь!» і «Мой косю».
У заключэнне канцэрта браслаўскі народны ансамбль «На панадворку» выканаў песню «Браслаўскія зарніцы» компазітара Аляксандра Рудзя на вершы С. Валодзькі, якая стала своеасаблівым гімнам фестываля.


Прыкметны фестываль і тым, што тут упершыню адбыўся конкурс дзяцей-вакалістаў ад 6 да 18 гадоў. У будучым, можна спадзявацца, у ім прымуць удзел і юныя спевакі з Латвіі.

Беларускія матывы ў Дзённым  цэнтры

У Дзённым цэнтры пенсіянераў і інвалідаў у Даўгаўпілсу адбылася творчая сустрэча паэта Станіслава Володзькі і ансамбля «Дружба», якім кіруе Ромуальда Жвірбля (уражэнка Браслаўскага раёна). Сустрэча насіла беларускі каларыт і большасць песен, якія тут прагучалі, былі на белорускай мове - як народных так і аўтарскіх на вершы С. Валодзькі кампазітараў Аляксандра Рудзя, Міколы Яцкова і Альберта Белуся. Выконваліся песні і на іншых мовах - рускай, польскай, украінскай і латышскай, гучалі музычныя кампазіцыі. Цёпла быў сустрэты і верш Улляны Кавалюк прысвечаны Беларусі. 


На свяце нямала цёплых слоў было сказана гасцямі, сярод якіх - дэпутат Даўгаўпілскай гарадской думы Віталь Азарэвіч, старшыня аб'яднання грамадскіх арганізацый Даўгаўпілса «Варавіксна» Ларыса Холастава, намеснік дырэктара пансіяната Валянціна Плонэ, кіраўнік Клуба польскіх жанчын Вільгеміна Кокіна, прадстаўнікі розных валасцей Даўгаўпілскага раёна, дзе ансамбль «Дружба» выступаў з канцэртамі. 


Адметна, што сустрэча проходзіла ў Тыдзень славянскай культуры і стала прыкладам дружбы народаў, якія жывуць у Латвіі.
Зараз вядзецца работа па арганізацыі паездкі ансамля «Дружба» з канцэртам у Браслаў

Творчая сустрэча ў раённым цэнтры Беларусі

У беларускім горадзе Мядель (Мінская вобласць) прайшоў творчы вечар паэта, члена Союза пісьменнікаў Беларусі, Станіслава Валодзькі. У імпрэзе прынялі ўдзел даўгаўпілскі саліст Аляксандр Лапа і браслаўскія спевакі Валянціна Кука, Ванда Сіротка і Леанід Лаўрыновіч, якія выканалі шэраг песен на вершы С. Валодзькі кампазітараў А. Рудзя, А. Белуся і А. Мядзведзева.

Гаспадары, артысты мядзельскага Дома культуры, выступілі са сваёй праграмай. Яны чыталі вершы С. Валодзькі, паказалі інсцэніроўку яго казкі «Дачка лясніка»; удзельніцы ансамбля «Квецень» выканалі песні на словы С. Валодзькі «Калыханка для мамы» і «Калыханка для сына» кампазітара М. Яцкова. У выкананні салісткі Людмілы Мінкоўскай прагучала песня «Ручнік» на словы С. Валодзькі кампазітара А. Белуся, а таксама песня на яго словы «Нарачанскі край» (аўтар музыкі - Л. Мінкоўская). 


Прыемным было паведамленне, што ансамбль «Квецень» з песняй «Калыханка для сына» стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу сярод вакальных калектываў настаўнікаў.


Госці зрабілі экскурсію па Краязнаўчым музеі. Была дасягнута дамоўленасць аб далейшым культурным супрацоўніцтве.


Паездка адбылася дзякуючы садзейнічанню Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе і Міністэрства культуры Беларусі.


У Беларускай гімназіі ў Вільні ў гасцях


Старшыня беларускага таварыства «Уздым» Барыс Іваноў і сябар рады «Уздыма» паэт Станіслаў Валодзька разам са старшынёй беларускага таварыства «Крок» у Вісагінасе Алегам Давідзюком наведалі Беларускую гімназію ў Вільні. Тут іх гасцінна сустракалі дырэктар гэтай навучальнай установы Галіна Сівалава, настаўнікі Валянціна Кавальчук і Леакадзія Мілаш, а таксама старшыня Саюза беларусаў Літвы Раман Вайніцкі.


На сустрэчы з дзецьмі малодшых класаў С. Валодзька прачытаў свае вершы , якія адрасаваныя дзецям. Выхаванцы гімназіі выканалі дзве песні на словы С. Валодзькі «Крылаты маэстра» і «Мірон» кампазітара Таццяны Піменавай, чыталі на памяць яго вершы. Гасцям паказалі класы, дзе займаюцца навучэнцы, і свой школьны музей.
Прыемным было паведамленне Г. Сівалавай, што яна мае намер выдаць сваю «Беларускую чытанку», куды будуць уключаны творы і дзіцячых пісьменнікаў, што жывуць за межамі Беларусі.


Зямны паклон

У Цэнтры беларускай культуры адбылася прэзентацыя кампакт-дыска вершаў Станіслава Валодзькі пад назвай «Зямны паклон». У дыску 30 вершаваных твораў на беларускай мове напісаных у розны час. Палавіна з іх гучыць у выкананні заслужнага артыста Беларусі Андрэя Душачкіна, астатнія - чытае сам аўтар.
Павіншаваць паэта з гэтай важнай у яго творчым жыцці падзеяй прыйшлі консул Генеральнага консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе Ігар Гуцалюк, дырэктар ЦБК Барыс Іваноў, мастакі Марыя Сафронава, Анастасія Сазанкова, Вэлта Лоце, паэты Павел Макаленкін, Зэнон Буры, дзіцячая паэтэса Сцепаніда Мілашэвіч, кіраўнік ансамбля «Дружба» Дзённага цэнтра пенсіянераў Ромуальда Жвірбля. Некалькі песен на вершы С. Валодзькі выканалі Ірэна Цымбале, Таццяна Піменава, і ўдзельніцы ансамбля «Дружба» Люцыя Смане і Ніна Булаха.


На вечеры свае вершы чытаў не толькі віноўнік урачыстасці, але і іншыя паэты, паколькі тут ішла гаворка і аб выдадзенай нядаўна анталогіі «Русская поэзия Латгалии». У кнізе змешчаны творы і шэрагу даўгаўпілскіх паэтаў, у тым ліку і С. Валодзькі.


На здымку: на "Браслаўскіх зарніцах"

 

                          Па матэрыялах друку

 

21 чэрвеня 2010

Міжнародны моладзевы фотаконкурс "Shoot Nation 2010"


Маладыя людзі ва ўзросьце ад 11 да 25 запрашаюцца да ўдзелу ў конкурсе "Shoot Nation 2010". Тэма конкурсу ў гэтым годзе "Гарадзкое жыцьцё". Кожны канкурсант можа падаць 3 фотаздымкі ці малюнкі, якія раскрываюць наступныя тэмы: 1) Што азначае панятак "горад" для вас? 2) Сталеньне ў горадзе 3) З вёскі ў горад, з гораду ў вёску - людзі пераязджаюць.

 

16 лютага 2010

"Th!nk About It" - еўрапейскі конкурс блогераў

 

Еўрапейскі цэнтр журналістыкі (EJC) запрашае журналістаў, блогераў, студэнтаў і экспертаў далучыцца да трэцяга конкурсу блогераў "Th!nk About It".

 

 

v0.1.2-beta