Юбiлейны год «Паўлiнкi»

21 чэрвеня 2010, 11:16


Гурту беларускай песнi «Паўлiнка» сёлета восенню спаўняецца 10 гадоў. Цудоўным падарункам калектыву да юбiлею будзе паездка на радзiму - на фестываль-кiрмаш «Залессе запрашае сяброў».

Гэта цудоўная навiна прыйшла ў суполку «Мара» з Мiнску, i паведамiў яе старшыня таварыства «Радзiма» Максiм Дубянок. Успрынялi яе нашы дзяўчаты з вялiкай радасцю. Таму што кожная сустрэча з радзiмай заўсёды незвычайна натхняе, дае новыя сiлы для творчасцi, дапамагае ўзнёсла жыць. 


Удзел у фестывалi - гэта магчымасць пабываць у месцы, якое непасрэдна звязана з iмем цудоўнага кампазiтара Мiхаiла-Клеафаса Агiнскага. Тут, у вёсцы Залессе Смаргонскага раёна, знаходзiцца яго маёнтак, дзе ў мiнулым годзе ўпершыню i адбыўся гэты фэст. Тут аматараў музыкi сабраў канцэрт мясцовых талентаў. А яшчэ можна было пакаштаваць традыцыйныя мясцовыя стравы і напоі, навучыцца іх гатаваць. Цiкавай была праграма "Запрашаем на паланэз!", дзе ўдзельнiкаў i гасцей фэсту навучалi першым крокам гэтага вядомага ў даўніну танца. Можна было і "сфатаграфавацца з уладаром маёнтка Агінскім", заказаць свой партрэт у мясцовага мастака. Была магчымасць набыць мясцовыя сувеніры з візітоўкай Залесся, дары залесскай зямлі. 


Сёлета фестываль выходзiць на мiжнародны ўзровень i будзе доўжацца два днi. Гурт «Паўлiнка» спадзяецца парадаваць землякоў роднымi песнямi, якiя любiць i беражэ на зямлi Латвii, у Лiепайскiм краi.

Юбiлейны год «Паўлiнкi» напоўнены i iншымi цудоўнымi мерапрыемствамi. Традыцыйнае з iх адбудзецца ў вялiкае свята - Дзень Рэспублiкi. I сёлета гасцямi беларускай хаткi ў Лiепаi стануць ветэраны Вялiкай Айчыннай вайны, якiя вызвалялi Беларусь ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў. Для iх дзяўчаты рыхтуюць франтавыя песнi i вершы. Яны - самы лепшы падарунак для тых, хто прайшоў дарогамi вайны па Белай Русi.

-

Беларускiя песнi ад «Паўлiнкi» гучалi ў Лiепаi i 9 мая, у 65-ю гадавiну Вялiкай Перамогi, дзе ў Прыморскiм парку адбыўся юбiлейны канцэрт трох суполак - рускай, беларускай i ўкраiнскай.

У лiпенi ў Горадзе пад лiпамi будзе ўрачыста адзначацца Дзень рыбака. На гэта свята на праменадзе лiепайчан i гасцей горада чакае вялiкi канцэрт творчых калектываў горада. Запрашэнне ўдзельнiчаць у iм атрымала i «Паўлiнка», якая рыхтуе сваю праграму. Тым больш, што з морам i з Лiепаей была звязана творчасць беларускага паэта i перакладчыка Барыса Кастаненкi. У яго вершах можна пачуць шум латышскiх соснаў i гоман балтыйскiх хваляў. Яны радавалi i хвалявалi паэта, якi нiколi не забываў свой родны край. Думкi аб Радзiме i сёння жывуць у сэрцах беларусаў, якiя захоўваюць у Лiепаi сваю спадчыну. Як гэта ўдаецца «Паўлiнцы»? Аб гэтым гурт раскажа восенню на свой 10-гадовы юбiлей.

Валянцiна Грыбоўская.
На здымку: «Паўлiнка» радуе роднай песняй ветэранаў, якiя вызвалялi Беларусь.
Фота аўтара

 

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta