Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза Жан-Эрык Хольцапфель заклікаў беларусаў "не забывацца на родную мову"

26 мая 2010, 14:19

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза Жан-Эрык Хольцапфель у сваёй прамове ў рамках святкавання Дня славянскай пісьменнасці і культуры 24 мая ў Мінску заклікаў "не забывацца на родную мову, яна дае жыццё".

Хольцапфель зазначыў, што Еўрасаюз "песціць і шануе" сваю культурную разнастайнасць і мовы, гэта значыць добра разумее намаганні беларусаў у гэтай сферы. "Я з вялікай цікавасцю сачу за вашымі намаганнямі па развіцці беларускай мовы, мовы народа, які жыве ў сэрцы еўрапейскага кантынента", - сказаў дыпламат.

Паводле слоў кіраўніка прадстаўніцтва ЕС, мова - адзін з найбольш значных элементаў культурнай самабытнасці. Хольцапфель падкрэсліў, што Еўрасаюз заўсёды лічыў моўную разнастайнасць "сваім вялікім багаццем", ён актыўна падтрымлівае свабоду грамадзян гаварыць і пісаць на сваёй роднай мове, заахвочвае вывучаць мовы і садзейнічае моўнай разнастайнасці ў грамадстве.

У Нацыянальным гістарычным музеі падчас святкавання былі ўзнагароджаны пераможцы нацыянальнай беларускай дыктоўкі 2009 года. Ім была ўручана імянная Біблія на беларускай мове ў перакладзе Васіля Сёмухі.

Беларуская дыктоўка ў гэтым годзе прайшла ў эстафетнай форме. У ёй узялі ўдзел паслы Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Славакіі, Польшчы, Чэхіі і Ізраіля, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Уладзімір Шчасны, прадстаўнікі недзяржаўных СМІ, а таксама перакладчыкі.

Тэкст прадмовы Францішка Багушэвіча да "Дудкі беларускай" па чарзе, па адным сказе, удзельнікі дыктавалі адзін аднаму і пісалі.

Дыктоўку пачаў Шчасны, які зазначыў, што Беларусь далучылася да дамоў ЮНЕСКА, якія падтрымліваюць моўную разнастайнасць. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў падкрэсліў, што ў спрэчцы, якім алфавітам трэба карыстацца беларусам, трэба зважаць, што першая кніга, Біблія, на беларускай мове была надрукавана на кірыліцы.

Свята было наладжана прадстаўніцтвам ЕС ў Беларусі, інфармацыйнай кампаніяй БелаПАН, ГА "Інфармацыйныя і сацыяльныя інавацыі", а таксама пасольствам Балгарыі.


Марына Рахлей, "БелаПАН"

 

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta