Выйшаў падручнік па беларускай мове для замежнікаў
20 мая 2010, 13:04
Сёння, 19 траўня а 18 гадзіне, на філфаку (аўдыторыя 304) адбудзецца прэзентацыя падручніка для замежнікаў "Беларуская мова? З задавальненнем!" Аўтар дапаможніка Таццяна Расціславаўна Рамза прысвяціла гэтую кнігу сваім замежным навучэнцам.
Таццяна Рамза, доктар філалогіі, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ, піша ва ўступе да кнігі: "З'яўленне кнігі стала магчымым толькі таму, што ўсе мае іншаземныя навучэнцы былі апантаныя ў вывучэнні маёй роднай мовы". Падручнік распрацаваны на 120 вучэбных гадзін і будзе карысны ўсім, хто хоча вывучыць мову з нуля ці ў пэўнай ступені ўжо валодае ёй.
Падручнік умоўна падзяляецца на ўводна-фанетычны курс і асноўны вучэбны курс, але з тым улікам, каб кожны раз вяртацца і засвойваць нормы вымаўлення. Фанетычны курс цалкам аўдзіраваны і пададзены на дыску разам з дыялогамі і тэкстамі для аўдзіравання. На кожным занятку даюцца веды па лексіцы, граматыцы, сінтаксісе і маўленчым этыкеце. У падручніку таксама змешчаны граматычныя табліцы і тэксты для чытання. У канцы пададзены адказы да практыкаванняў, што забяспечыць эфектыўнае самастойнае навучанне.
Падручнік складзены па апошнім слове метадалогіі выкладання замежнай мовы: лексіка падаецца ў сітуацыйна-тэматычным ключы; матэрыял арганізаваны канцэнтрычна, структуравана; улічаны асаблівасці роднай мовы навучэнцаў; вялікая ўвага надаецца краіназнаўчаму аспекту ў падборы і падачы матэрыялу.
Падручнік выйшаў у выдавецтве "Вышэйшая школа" ў 2010 годзе.
prajdzisvet.org