Тэлеэкскурсія па Рызе з Вячкам Целешам
03 красавіка 2010, 10:09
Няшмат хто з жыхароў Рыгі ведае гісторыю латвійскай сталіцы, як мастак і краязнаўца Вячка Целеш - аўтар кнігі «Рыга на старых паштоўках».
З красавіка бягучага года, у суботу, у 18.15 на першай праграме Латвійскага тэлебачання ў эфір выйдзе перадача "Уздоўж вуліцы", ("Ielas garumā"), у якой будзе аповяд пра гістарыю вуліц Рыгі, гістарычныя мясціны на ёй. У перадачы прымае ўдзел мастак і краязнаўца Вячка Целеш.
Ён раскажа тэлегледачам Латвіі пра гістарычныя месцы беларусаў у гэтым раёне Рыгі, пра вуліцу Стругу, якая атрымала сваю назву менавіта ад беларускіх лодак-стругаў. На стругах беларускія купцы пачынаючы з XIII стагоддзя, калі паміж Рыгай і Полацкім княствам быў падпісаны гандлёвы дагавор, вязлі ў Рыгу збожжа, лён, канаплю, мёд і іншыя тавары. На правым беразе Даўгавы, ля сённяшняга Цэнтральнага рынка, знаходзіўся прычал стругаў. У перадачы будзе расказана пра вуліцу Элеяс, пра будынак, што знаходзіцца насупраць сённяшняё беларускай амбасады, у якім у 1930-я гады знаходзіліся Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства і Беларускае выдавецтва ў Латвіі.