Святкаванне 25 сакавіка ў Рызе

29 сакавіка 2010, 19:45


27 сакавіка сябры і госці Латвійскага таварыства беларускай культуры "Cьвітанак" сабраліся ў Вялікай зале будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, каб адзначыць найвялікшае беларускае свята - Дзень абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка - гэта тая дата, якую шануюць у беларускіх асяродках ва ўсім свеце, і Латвія - не выключэнне. Угодкі абвяшчэння БНР штогод святкуюцца ў Рызе з моманту заснавання "Cьвітанка".

Па традыцыі распачалося свята гімнам "Магутны Божа". Гэтак жа ўжо традыцыйна старшынёю таварыства Таццянай Казак быў агучаны "Зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы да беларускага народу з нагоды 92-х угодкаў БНР" і прачытаныя віншаванні са святам, што прыйшлі на адрас таварыства.

У сваёй прамове Вячка Целеш распавёў пра некаторыя моманты тых гістарычных падзей у Беларусі ў 1918 г. Цікавым было параўнанне з падзеямі ў Латвіі, дзе незалежнасць была абвешчаная больш як на паўгады пазней, 18 лістапада 1918 г. Але ж, у асноўным дзякуючы падтрымцы за межамі Латвіі, у адрозненне ад БНР, Латвійская Рэспубліка праіснавала да 1940 г., што дало вялікі плён для станаўлення латышоў, як нацыі.

Сапраўдным падарункам для тых, хто прыйшоў адзначыць годкі Акту 25 сакавіка, стаўся удзел у святочным канцэрце маладой беларускай спявачкі Людмілы Ігнатавай.  Людміла – наш гонар! З моманту заснавання ў 2002 г. гурта “Сьвітанак” яна была яго салісткай, потым кіраўніком, а зараз Людміла – не толькі студэнтка Латвійскай дзяржаўнай музычнай акадэміі, яшчэ штогод яна ўдасканальвае сваё вакальнае майстэрства ў Італіі. Ўсе без выключэння некалькі дзесяткаў прысутных  атрымалі вялікую асалоду і ад выкананых Людмілай класічных твораў - арый з вядомых опер, і ад нашых цудоўных беларускіх народных песень, і песень на словы беларускіх класікаў.

А яшчэ гэты дзень стаў яшчэ адной добрай нагодай яшчэ раз прыгадаць прозвішча слыннага беларускага грамадскага і культурнага дзеяча мінулага стагоддзя Сяргея Сахарава.

Сяргей Сахараў нарадзіўся 17 (29) жніўня 1880 г. у Полацку. Але лёс размяркаваў так, што ён стаў "культуры беларускай адраджэцам у Латвіі ".

За рукапісны зборнік (1015 фальклорных твораў) С.Сахараў з Фонду культуры Латвіі атрымаў у 1939 г. прэмію, якую скарыстаў на выданне асноўнай кнігі свайго жыцця - зборніка "Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў". Ён паспеў выдаць толькі першы выпуск фальклорных запісаў. Рукапісныя другі, трэці і чацвёрты выпускі - адна з крыніц для папаўнення акадэмічнага выдання "Беларускай народнай творчасці".

Спадара Сяргея Сахарава не стала на 75-м годзе жыцця. Дачка яго, Ірына Вількель, якая жыла ў Рызе і была сябрам таварыства "Сьвітанак", перадала рукапісную спадчыну С.Сахарава ў Беларусь, тым самым выканаўшы бацькоўскі запавет.

Пасля смерці спадарыні Ірыны, спадчыну захоўвала ўнучка С.П.Сахарава - спадарыня Нонна Ахметуллаева. Так здарылася, што некаторы час назад частка матэрыялаў з архіву Сяргея Сахарава была скрадзена. Дзякуючы намаганням таварыства "Сьвітанак", удалося адшукаць асобныя матэрыялы са зніклага архіву, тая частка з іх, якая з'явілася ў калекцыянераў, была выкупленая сябрамі таварыства. Найбольшы ўнёсак у гэтую справу зрабіла Таццяна Касуха.  На  свяце ад імя таварыства "Сьвітанак"  выкупленыя  матэрыялы былі падараваныя ўнучцы Сяргея Сахарава. Спадарыня Нонна Ахметуллаева  ў сваю чаргу распавяла пра свае планы па ўшанаванню 130-годдзя з дня нараджэння С.П.Сахарава.

 

 

 На здымках Таццяны Казак:

 

-

Прамова Вячкі Целеша

 

-

Гонар і надзея латвійскіх беларусаў - Людміла Ігнатава

 

-

Выступленне Вікторыі Мірэнскай

 

-

Вершы беларускіх паэтаў чытае Таісія Бачкарова

 

 

 

 

 

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta