У Мінску прайшла прэзентацыя першай беларускамоўнай кнігі-клепсідры

16 сакавіка 2010, 14:04


Прэзентацыя беларускамоўнай кнігі-клепсідры "Сьвятая праўда ды іншыя казкі" адбылася 15 сакавіка ў Мінску. Пісьменнік і рэдактар-укладальнік кнігі Андрэй Хадановіч мяркуе, што такі від выдання кнігі выкарыстоўваецца ў Беларусі ўпершыню.

Выданне ўяўляе сабой зборнік твораў лаўрэатаў конкурсу маладых пісьменнікаў імя Карласа Шэрмана, які летась паводзіўся Беларускім ПЕН-цэнтрам.

Асаблівасць кнігі-клепсідры заключаецца ў тым, што яна падзелена на дзве часткі і чытаць яе можна з двух бакоў. Калі чытач адкрые адзін бок вокладкі, то сустрэнецца з уласнымі вершамі і прозай пераможцаў конкурсу, а калі адкрые яе з канца - з мастацкімі перакладамі твораў Эдгара По, Борхеса, Генрыха Бёля, англійскай рамантычнай паэзіі і правакацыйнай амерыканскай паэзіі слэмераў.

Падобныя конкурсы праводзяцца цэнтрам ужо пяць гадоў, і раней былі прысвечаныя Наталлі Арсенневай, Франчэску Петрарку, Уладзіміру Караткевічу, газеце "Наша ніва", летась - вядомаму перакладчыку Карласу Шэрману, сёлета - будзе прысвечаны 100-годдзю Ларысы Геніюш. Кожны конкурс суправаджаецца выпускам кнігі з лепшымі творамі ўдзельнікаў.

У леташнім конкурсе бралі ўдзел больш за сто аўтараў. Паводле слоў Хадановіча, усе творы падаюцца на конкурс ананімна, каб журы магло ацаніць канкрэтную работу, а не імя аўтара.

"Некаторых аўтараў можна прачытаць і з аднаго, і з другога боку кнігі. Але паколькі пераклады атрымліваюцца ў іншай стылістыцы, недасведчаны чытач можа вельмі здзівіцца, што гэта адзін і той жа пісьменнік", - адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН Хадановіч.

Кніга выйшла накладам 400 асобнікаў, як адзначыў Хадановіч, "для вузкага кола аматараў". Яе прэзентацыя прайшла таксама ў Віцебску і Наваполацку. Штогод пасля выхаду падобнай кнігі арганізуецца творчае турнэ па Беларусі, паведамляе БелаПАН

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta