Рыгор Барадулін: ”Калі паміраеш – не адчуваеш смерці…”

09 сакавіка 2010, 14:20


Народны паэт Беларусі пасля трох тыдняў унрэанімацыі першае інтэрв'ю даў Еўрарадыё. Паведамленні  тое, што народны паэт Беларусі  Рыгор Барадулін патрапіў 14 лютага ў рэанімацыю, моцна напалохалі ягоных прыхільнікаў.

 Нават сваё 75-годдзе паэт вымушана сустрэў на шпітальным ложку. Цяпер, калі з рэанімацыі Барадуліна перавялі ў аддзяленне тэрапіі, Еўрарадыё наведала дзядзьку Рыгора. Мы запыталіся, ці моцна напужаўся сам паэт, калі так прыхапіла здароўе.

Рыгор Барадулін: Не паспеў... Разумееце, калі паміраеш - не адчуваеш смерці. Проста, як вам сказаць, было нязручна, калі ты хворы. Але такога адчування, што ты развітваешся з жыццём - не было. Спадзяваўся, што выкараскаюся.

Першы тыдзень у рэанімацыі Рыгор Барадулін нават не падымаўся з ложка, меў моцную тэмпературу. Дыягназ - пнеўманія, ускладненая ацёкам лёгкіх - не самыя простыя для 75-гадовага чалавека. Першыя дні да Барадуліна не пускалі нават жонку. Даходзілі чуткі, што ён падключаны да апарату штучнага дыхання. Як было насамрэч?

Рыгор Барадулін: Большую частку часу я быў у свядомасці. Я зразумеў, што такое "перакрыць кісларод", бо быў падлучаны да апарату з кіслародам - таму вельмі жыва ўявіў, што значыць гэты выраз, гэтая прыказка. Наогул, лепш быць здаровым, чым хворым. Але я не паспеў спалохацца. Мне цяпер прыйшлі такія радкі: "І страх не адкажа, чым пахне смерць..." Вясёлыя такія радкі.

Лечкамісія - лякарня Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Ці добра тут паставіліся да народнага паэта, які не раз выказваўся негатыўна на адрас сённяшняй улады?

Рыгор Барадулін: Дужа добра, вялікі ім дзякуй! Калі б не яны - загнуўся б... Дужа даглядалі, апекаваліся, проста ім вялікі дзякуй!

24 лютага, калі споўнілася 75, Барадулін усё яшчэ знаходзіўся ў рэанімацыі. Яму нельга было перадаваць нават кветкі - бо ў рэанімацыі падтрымліваецца стэрыльнасць. Ці дайшлі нейкія віншаванні за шпітальныя сцены?

Рыгор Барадулін: Віншаванні ішлі на хату. Многа ад сяброў, з-за мяжы ў тым ліку. Павіншаваў міністр культуры, міністр замежных справаў, Ушацкі райвыканкам. Раней яны рабілі выгляд, што мяне няма, а тут нешта змянілася... Сяброў многа віншавала. Выпішуся - буду глядзець канкрэтна.

Апроч сяброў і знаёмых, Рыгора Барадуліна павіншавала і Ірына Абельская, галоўная лекарка лечкамісіі. Ёйны букет - адзіныя кветкі, якія патрапілі да паэта ў дзень юбілею.

Рыгор Барадулін: Так, павіншавала з кветкамі - семнаццаць руж. Пажадала здароўя, дзякуй ёй. Дзякуючы ёй, канешне, быў надзвычай добры дагляд. З яе лёгкай рукі дужа клапаціліся пра мяне - яшчэ раз ёй дзякую.

Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі, ідзе на папраўку - пасля трох тыдняў у рэанімацыі. Дзядзька Рыгор пачуваецца лепш, лекары мяркуюць праз тыдзень выпісаць паэта дадому.

-

Рыгор Барадулін, лечкамісія, 7 сакавіка 2010 года

-

Жонка Валянціна Міхайлаўна прыносіць дзядзьку Рыгору тэлефон паразмаўляць з сябрамі, а пасля забірае мабільнік -- каб не дапякалі шматлікія прыхільнікі: паэту пакуль што трэба знаходзіцца ў спакоі...

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta