Крыўска-літоўска-латышскія паданні пра культавыя камяні
22 лютага 2010, 10:18
На сайце kryuja.org з'явіўся артыкул вядомай даследчыцы Людмілы Дучыц, якая шмат высілкаў прысвяціла вывучэнню дахрысціянскай спадчыны нашага рэгіёна. Дадзены артыкул прысвечаны культавым камяням, якія ўсё яшчэ сустракаюцца дзе-нідзе ў нашых краях. Напрыклад, так званы "чортаў камень" ёсць ля вёскі Вялец у Глыбоцкім раёне.
У прыватнасці, пра такія камяні Дучыц піша:
Паданні пра чортавы камяні ў Беларусі, Літве і Латвіі тоесныя ды зводзяцца ў асноўным да шасці сюжэтаў.
Паводле першага сюжэту, камень - гэта дом чорта (чорта-краўца або чорта-шаўца). На Беларусі гэткія камяні ёсць каля паселішчаў Ратынцы Валожынскага, Шкленікава Мядзельскага, Вялічкі Пастаўскага, Горкі Шумілінскага, Вароніна Сенненскага р-ну. У Ратынцах, паводле падання, увечары на камень клалі рваныя боты, а ўранку яны ўжо былі папраўленыя. Але ў гэтых ботах можна было хадзіць толькі на ігрышчы, а ў касцёле яны адразу ж развальваліся. У Вялічках каля каменя ўначы нібыта чулі стук малатка. Побач з гэтым каменем ёсць Чортава Балота, або Чортава Лазня.
У Літве запісанае паданне, паводле якога на камені сядзеў чорт і шыў прыгожыя чырвоныя чаравікі. Калі дзяўчына абувала іх, то пачынала танчыць і не магла спыніцца, пакуль не падала мёртвай. У другім літоўскім паданні (р-н Pakruojis) гаворыцца, што на камені сядзеў чорт, шыў чаравікі, а таксама тачыў косы. Гэтым ён цвяліў Пяркунаса і той аднойчы так ударыў у камень, што раскалоў яго на дзве часткі.
У Латвіі на адным камені-доме (р-н Ventspils) паказваюць нават дзверы і акно. Пра іншы камень (р-н Madona) кажуць, што на ім сядзеў чорт і цыраваў свае порткі голкаю-іклом. Але раптам прапяяў певень і чорт уцёк.
Другі сюжэт паданняў звязаны з чортам, які змагаўся з хрысціянствам. Звычайна кажуць, што чорт нёс камень з мэтаю заваліць дзверы бажніцы, але прапяяў певень і чорт выпусціў камень. У такіх паданнях чорт выступае ў якасці злога духа, а певень як абаронца ад злых духаў[7]. На Беларусі гэткія паданні зафіксаваныя пра камяні пры паселішчах Камень і Ратынцы Валожынскага, Вялец Глыбоцкага, Танéлева Менскага р-ну. У Літве (р-н Šiauliai) расказваюць, што чорт скінуў на гарадзішча валун, маючы на мэце трапіць у крыж, але камень не даляцеў і трапіў на тое месца, дзе і ляжыць. У паданні пра камень Пунтукас (р-н Anikšciai) расказваецца, што калісьці людзі будавалі касцёл пры дарозе, што належала д'яблу. Таму гэта не спадабалася і ён пастанавіў знішчыць касцёл. Скруціў з саломы вяроўку, абвязаў ёю камень і панёс, каб заваліць дзверы бажніцы. Калі ён нёс валун, прапяяў певень і д'ябал выпусціў камень. У Латвіі пра Чортаў Камень, або Чортава Крэсла (р-н Ogre) кажуць, што чорт нёс камень ад царквы да балота, але прапяяў певень і ён выпусціў валун.
Трэці сюжэт падобны да другога: у ім чорт хацеў засыпаць раку (возера), але прапяяў певень і не даў гэтага зрабіць. Ля воз. Нарач расказваюць, што аднойчы чорт задумаў злучыць каменнаю градою дзве вёскі, але прапяяў певень і чорт не паспеў закончыць працу. Гэткае ж паданне звязанае і з ракой Вяллёй (запісанае ў в. Жодзішкі Смургонскага р-ну). У Латвіі вядомае аналагічнае паданне пра камень Чортаў Ложак (р-н Valmiera). Кажуць, што чорт хацеў засыпаць раку Гаўю, але прапяяў певень і ён не паспеў закончыць сваёй справы.
Паводле чацвертага сюжэту, каля каменя ўначы збіраюцца чэрці - яны скачуць або гуляюць у карты. На Беларусі такія паданні вядомыя ў паселішчах Вялец Глыбоцкага, Камяное Уздзенскага, Лапухі Слонімскага, Лынтупы Пастаўскага, Масцішча Браслаўскага р-ну. У Літве (р-н Klaipeda) пра адзін Чортаў Камень расказваюць такое паданне. Нібы колісь ў ноч на Купалле крыжак Клаўс Турлак сеў з чортам гуляць у карты пад дубам на беразе ракі каля гэнага каменя, які быў ім заміж стала. Крыжак перамог чорта і той раззлаваўся. Чорт стукнуў рукой па камені так, што пасыпаліся іскры, вылаяўся і знік, а на камені застаўся след ад ягонай рукі.
У пятым сюжэце чорт каля каменя здзекаваўся з падарожнікаў - прымушаў іх танчыць або распранаў ды клаў спаць на камені. Уранку чалавек быў увесь мокры ад поту. На Беларусі гэткія паданні вядомыя пра камяні каля вв. Вароніна Сенненскага, Лынтупы Пастаўскага, Горкі Шумілінскага р-ну. У Латвіі пра Чортаў Камень (р-н Valmiera) кажуць, што чорт палохаў падарожнікаў, а людзі, каб адкупіцца ад нячысціка, неслі яму ахвяры.
Шосты сюжэт звязаны са слядамі чорта. Шмат дзе людзі перакананыя, што чорт пакінуў сляды ў часе скокаў. Таксама расказваюць, што чорт танчыў да таго часу, пакуль не грымнуў пярун, а потым праваліўся ў пекла. Ёсць сведчанні, што чортаў след - гэта знак таго, што побач закапаны скарб. На Беларусі гэткія камяні вядомыя каля паселішчаў Гальшаны Ашмянскага, Дзераўная Лагойскага, Якубянцы Браслаўскага р-ну. У некаторых паданнях гаворыцца, што чорт пакінуў сляды, калі гнаўся за Багародзіцай. След на камені каля в. Расальшчына Івейскага р-ну нібы пакінуў д'ябал, калі прарок Ілля гнаў яго з зямлі. У Латвіі (р-н Tukums) пра камень са следам чорта расказваюць гэткае паданне. Колісь чорт ляжаў на беразе возера, а пры галаве ў яго быў вялікі камень. Прапяяў певень, чорт ускочыў на ногі і пусціўся ляцець над возерам. Певень прапяяў другога разу і ў чорта выпала падушка, якая ператварылася ў выспу сярод возера. Калі певень прапяяў трэцяга разу, у чорта выпаў камень і ён пакінуў на ім свой след. У іншым латышскім паданні чорт нёс вялікі валун і хацеў перагарадзіць раку, але прапяяў певень, чорт выпусціў камень і, уцякаючы, пакінуў на ім свой след.
Апрача пералічаных паданняў ёсць згадкі пра тое, што пры чортавых камянях з'яўляюцца агеньчыкі або чуваць гукі званочкаў.
Як відаць з прыведзеных прыкладаў, вобраз чорта у беларускіх, літоўскіх і латышскіх паданнях пра культавыя камяні нясе ў сабе дахрысціянскія рысы, што дае магчымасць бачыць у абліччы чорта аднаго з паганскіх балцкіх багоў - Вяльняса (Вялеса).
Артыкул цалкам чытайце на сайце kryuja.org.