Купалаўскія вакацыі
10 лютага 2010, 16:39
У мінскім музеі імя Янкі Купалы рыхтуецца стартаваць новы для Беларусі фестываль аўтарскай песні пад назвай "Купалаўскія вакацыі", які будзе складацца з трох тураў - у лютым, сакавіку і красавіку. Назву фестываль атрымаў менавіта ад месца правядзення апошняга туру - мястэчка Акопы, якое з'яўляецца адным з філіялаў музея.
Менавіта там Купала праводзіў свае вакацыі падчас навучання ў Санкт-Пецярбургу ва універсітэце. Акопы называюць творчай калыскай песняра.
- Зараз ужо ёсць пэўная колькасць удзельнікаў, - кажа куратар фестывалю, супрацоўніца музея імя Янкі Купалы Кацярына Ваданосава. - Літаральна тры дні таму былі дадзеныя першыя абвесткі, а ўдзельнікі ўжо адгукнуліся. Я думаю, што мы не будзем адмаўляць тым, хто ў тэрмін дашле заяўкі на ўдзел, прымем усіх.
Плануецца, што ўдзел у фестывалі возьмуць не толькі музыкі з Мінску, але і з усёй Беларусі. Адзін з трох тураў фестываля, арганізатары плануюць адмыслова прысвяціць іншагароднім выступоўцам. Падаць заяўку на ўдзел у "Купалаўскіх вакацыях" можна да 23 лютага, даслаўшы свае кантактныя дадзеныя на электронны адрас арганізатараў kupalamuseum@mail.ru.
Адзінай умовай да ўдзелу ў фестывалі з'яўляецца наяўнасць беларускамоўных тэкстаў у выступоўцаў. Акрамя бардаў у фэсце могуць узяць удзел і акустычныя гурты рознастылістычных напрамкаў, указаўшы склад музычных інструментаў калектыву ў заяўцы на ўдзел. Першы адборачны этап фестываля "Купалаўскія вакацыі" стартуе ўжо 27-га лютага.
Радыё Рацыя, Мінск.