Культурнымі сталіцамі Еўропы стануць адразу тры гарады
11 студзеня 2010, 15:35
Адразу тры гарады - нямецкі Эсэн, венгерскі Печ і турэцкі Стамбул будуць абвешчаныя ў 2010 годзе культурнымі сталіцамі Еўропы.
Задача праекта, які існуе з 1985 года, - стымуляваць усведамленне еўрапейцамі сваёй агульнай культурнай спадчыны. Статус культурнай сталіцы Еўропы дае гарадам магчымасць значна павялічыць якасць і размах культурнага жыцця, рэалізаваць пэўныя праекты, наладзіць міжнароднае супрацоўніцтва і абмены ў галіне культуры і мастацтва.
Урачыстыя мерапрыемствы з нагоды аб'явы Эсэна - цэнтра германскай прамысловай вобласці Рур - культурнай сталіцай праходзяць у гэтыя выходныя. Адна з цэнтральных падзеяў у Эсэне - адкрыццё Новага музея Рура ў былым вугальна-індустрыяльным комплексе "Цольферайн", які ўваходзіць з 2001 года ў спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Масавыя мерапрыемствы ў Эсэне, па прагнозах, наведаюць 100 тысяч чалавек. У іх чакаецца ўдзел прэзідэнта Нямеччыны Хорста Келера і старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу.
Асаблівасцю надання Эсэну звання культурнай сталіцы Еўропы стала тое, што яно фактычна распаўсюджваецца на 53 гарады і абшчыны ўсяго Рура - вобласці, якая па-ранейшаму з'яўляецца "прамысловым сэрцам" Нямеччыны і адначасова яе важнай "культурнай метраполіяй". Там дзейнічаюць 120 тэатраў, 100 канцэртных залаў і 200 музеяў, паведамляе БелТА.