Калядная сустрэча ў Таварыстве беларускай культуры ў Вільні
30 снежня 2009, 23:42
У суботу, 26 снежня, ў ТБК адбылася святочная імпрэза, на якой ушанавалі памяць беларускіх дзеячоў, што нарадзіліся ці памерлі ў гэтым месяцы.
Праграма гэтым разам была насычанай і шматбаковай. Акрамя дакладаў аб беларускіх дзеячах, адбылася прэзентацыя фільма Таццяны Дубавец "Тутэйшыя", выступіў украінскі гурт "Світліца", а напрыканцы беларусы і ўкраінцы разам адзначылі каляды і завяршэнне 2009 г., павіншавалі адзін аднаго са святамі.
Імрэза распачалася з прывітальнага слова старшыні ТБК Хведара Нюнькі, які распавёў пра Вацлава Іваноўскага і пра Кастуся Шышэю.
Наступнымі былі даклады пра беларускіх каталіцкіх дзеячоў: біскупа Чэслава Сіповіча і ксяндза Уладыслава Чарняўскага. Думаю, не будзе перабольшваннем, калі сказаць, што гэтыя асобы зрабілі вырашальную ролю ў пабудове беларускага нацыянальнага каталіцкага касцёла і неслі веды ў свет пра беларусаў-католікаў, тлумачачы ўсім, што яны - не палякі і не рускія.
Пасля дакладаў Таццяна Дубавец прэзентавала сваю новую стужку "Тутэйшыя". У ёй аб чалавеку з памежжа і аб праблемах яго ідэнтыфікацыі. І сёння, у ХХІ стагоддзі для чалавека памежжа існуе вострая праблема: а хто ён? І адказ просты - тутэйшы. І за гэтым словам хаваецца цэлая філасофія жыцця чалавека, яго светапогляд, жыццё, прыстасаванне і рэальнае жаданне выжыць. Таццяна Дубавец ва ўступным слове падкрэсліла, што гэтая стужка ў многім пераклікаецца з п'есай Янкі Купалы "Тутэйшыя" і яе героем Зноскам. Гэты герой для большасці з'яўляецца адмоўным і трактуецца як прыстасаванец. Але гэта толькі адзін бок медаля. А за гэтым прыстасаваннем хаваецца глыбокая трагедыя самаго чалавека і яго жыцця. Улады змяняюцца, людзі застаюцца. А ім каб выжыць, трэба пад іх прыстасавацца. І самае балючае, што ніхто не звяртае ўвагі на гэтага чалавека, які нявольна закручаны ў гэтых бурлівых вірах гістарычных перапетый. А яму, як і большасці, уладам хочацца служыць, каб мець звычайнае чалавечае шчасце і гарантыі на жыццё.
І вось у стужцы паднята праблема чалавека з беларуска-літоўскага памежжа. Хто яны такія? І чаму яны ідэнтыфікуюць сябе з тымі ці іншымі, якімі катэгорыямі карыстаюцца, робячы самавызначэнне і акрэсленне сябе і свайго месца ў гэтым зменлівым свеце? Адна з катэгорый - мова. І тут назіраецца тэндэнцыя выцясьнення беларускай мовы польскай сярод моладзі. Бо як і зазначаюць героі: іх дзеці ходзяць у польскія школы. Немалаважны чыннік таксама і каталіцкі касцёл, які на гэтых землях нясе польскасць. І вынік мы сёння бачым: калі раней гэтыя людзі ідэнтыфікавалі сябе "тутэйшымі", то зараз усё часцей і часцей суадносяць сябе да палякаў. Але назіраецца і іншая тэндэнцыя. Гэта калі чалавек пачынае разумець, што яго простая мова - гэта беларуская. І ён ужо адрознівае польскую мову ад беларускай.
Як бы там не было, як бы мы не разважалі і не тлумачылі чалавеку з памежжа аб яго каранях і паходжанні, колькі б разоў у пашпарце не перапісвалі яго нацыянальнасць, ён і ў ХХІ ст. застаецца тутэйшым, чалавекам гэтай, г.зн. яго зямлі. І жыве адной праблемай - выжыць у гэтым зменлівым свеце. Такія разважанні аб паказаным фільме засталіся ў мяне. І лічу вельмі ўдалай саму стужку. На прыкладзе некалькіх герояў аўтарцы ўдалося акрэсліць шмат праблем і паказаць "тутэйшага", чалавека памежжа з яго светапоглядам, радасцямі, жыццём і разуменнем сябе на гэтай зямлі.
У чарговы раз нас прыемна ўразіў украінскі ансамбль "Сьвітліца", які выканаў некалькі калядных песень на ўкраінскай мове. Яго салісты Аксана і Раман і іх дачка Багданка падаравалі беларусам цудоўны калядны вечар.
І вельмі прыемны той факт, што ў ТБК з украінцамі наладзіліся кантакты, і з кожным разам адносіны паміж намі становяцца ўсё больш і больш цёплымі.
Таксама ў часе імпрэзы новыя сябры кораценька распавялі пра сябе і сваю дзейнасць.
У гэты калядны вечар, калі Божае Дзіцятка наноў прыйшло ў гэты свет, каб яго адарыць супакоем, спагадай, любоўю, нарадзілася надзея на веліч і нашае Бацькаўшчыны. Маленькае дзіця змагло цэлы свет перамяніць да лепшага і тым самым і нам падаравала надзею на ўваскрашэньне нашай шматпакутнай Беларусі.
З Божым нараджэннем! Вясёлых Калядаў!
Алесь Адамковіч, Вільня 2009 год,