Традыцый непарыўная сувязь
22 снежня 2009, 14:11
Міжнародны праект "Нацыянальны "Пакроў Свету" стартаваў у Гродне
Згодна з праектам будзе створана вялікае шматковае палатно, якое пранясуць па вуліцах Гродна ў наступным годзе падчас Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Палатно будзе пашыта з асобных пано, створаных у розных тэхніках і нацыянальных стылях. Арганізатары праекта вырашылі не абмяжоўваць даўжыню «Пакрову Свету». Ад фестывалю да фестывалю палатно будзе "прырастаць" новымі шматкамі.
Невялікія пано, з якіх будзе створана агульнае палатно, прапаноўваецца ствараць і дасылаць ў аргкамітэт усім жадаючым, незалежна ад узросту, нацыянальнасці і краіны пражывання. У цэнтры народнай творчасці ў Гродне ўжо прыступілі да стварэння шматка: у цэнтральнай частцы вышылі сімвал фестывалю - кветку-сямікветку.
Паводле задумы арганізатараў, праект будзе спрыяць адраджэнню і захаванню культур розных народнасцяў, папулярызацыі нацыянальных традыцый, развіццю сучасных і традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур адбудзецца ў Гродне будучым летам. Чакаецца, што ў свяце прымуць удзел прадстаўнікі трыццаці нацыянальных аб'яднанняў.
Таццяна Вішнеўская,
газета "Голас Радзімы"