Беларусы Літвы змагаюцца за захаванне беларускай праграмы "Віленскі сшытак"

05 снежня 2009, 20:51


28 лістапада 2009 г. у Таварыстве Беларускай Культуры ў Вільні адбылася традыцыйная сустрэча, прысвечаная 89-м угодкам Слуцкага паўстання, а таксама знакамітым асобам, што нарадзіліся ці памерлі ў гэтым месяцы.

Распачаў сустрэчу сп. Хведар Нюнька са звароту старшыні Рады БНР у сувязі з угодкамі Слуцкага Збройнага Чыну. Вельмі паважаная сп. Івонка Сурвілла нагадала, што беларускае замежжа не павінна забываць сваіх мужных продкаў, што са зброяй змагаліся і загінулі за незалежную Беларусь.

Старшыня Рады БНР звярнулася таксама да беларусаў на Бацькаўшчыне з заклікам адведаць 27-га лістапада магілы герояў, “якія пайшлі ўміраць, каб жыла вольная беларуская дзяржава – Беларуская Народная Рэспубліка.”

Імпрэзу працягнула мастачка Крыстына Балаховіч, якая запрасіла удзельнікаў мерапрыемства завітаць на спектакль “Чорная панна” тэатру імя Янкі Купалы, што адбудзецца 4-га снежня ў Доме Польскім а 18-ай гадзіне.

Спадарыня Балаховіч зачытала зварот арганізацый беларускай дыяспары на імя Літоўскага тэлебачання з нагоды праблемаў беларускай праграмы “Віленскі сшытак”. Апошнім часам праграма выходзіць у вельмі нязручны час (пятніца 14:50), калі бальшыня мэтавай аудыторыі  знаходзіцца на працы, што значна звужае кола гледачоў. Таксама выклікае непаразуменне паўторны выхад праграмы на LTR2 у той самы дзень, толькі праз паўгадзіны а 15:40. На вялікі жаль, “Віленскі сшытак” недаступны ў анлайнавым архіве LTR. Але самае прыкрае тое, што супрацоўнікі праграмы вось ужо як паўгода не атрымліваюць кампенсацыі за працу. Ёсць вельмі сур’ёзная пагроза сыходу прафесійных журналістаў і, ў выніку, спынення існавання беларускага эфіру ў Літоўскай Рэспубліцы. Пад зваротам паставілі свае подпісы: Таварыства Беларускай Культуры, ТБМ Віленскага краю імя Францішка Багушэвіча, Згуртаванне беларускіх арганізацый Літвы, Віленскае беларускае згуртаванне палітычных вязняў і ссыльных, Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў “JuBIC” і шмат іншых арганізацый.

Крыстына таксама распавяла пра выдатнага беларускага мастака Пётра Сергіевіча. Беларускі талент нарадзіўся паблізу возера Нарач у 1910 г., а ў Вільню трапіў амаль дваццацігадовым юнаком. Пётра Сергіевіч скончыў Віленскі універсітэт, дзе яму выкладаў прафесар аддзялення прыгожых мастацтваў універсітэта імя Стэфана Баторыя ў Вільні – Фердынанд Рушчыц. Працы мастака  былі пазней прадстаўлены на шматлікіх міжнародных выставах.

У міжваенны час П. Сергіевіч  быў чальцом Беларускага Навуковага Таварыства, на грамадскіх пачатках меў супрацу з Беларускім Музэем у Вільні, дзе захоўваліся і ягоныя працы.

Пасля вайны больш 40 гадоў беларускі мастак жыў на Антокалі ў двухпавярховым доме, амаль насупраць палацу Сапегаў. Там яго наведвалі выдатныя мастакі Беларусі і Літвы. Маючы за плячыма 76 гадоў, Пётра Сергеевіч памёр у Вільні ў лістападзе 1984 г., дзе і быў пахаваны на вайсковых могілках.

Пасля смерці мастака паўстала пытанне аб стварэнні дома-музею на кватэры П. Сергіевіча. Віленскія беларусы прыклалі шмат намаганняў, каб ажыццявіць гэтую задуму. Па ініцыятыве ТБК і пры фінансаванні   амбасады Беларусі ў Літве былі нават выкупленыя палова памяшканняў. Але, на вялікі жаль, праз непаразуменне са сваякамі дом-музей не быў створаны, а  разам з гэтым шматлікія працы выдатнага мастака былі вывезены ў Польшчу.  

Малады грамадзкі дзеяч з Вільні – Зьміцер Талкачоў – распавёў пра дзейнасць Вацлава Ластоўскага. Вядомы беларускі палітык і навуковец нарадзіўся 8-га лістапада 1983 года ў засценку Калеснікаў Глыбоцкага раёну Віцебскай вобласці. Паводле кароткага біяграфічнага нарысу Вацлаў Юстынавіч уступіў у 1902 г. у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. У 1904-1905 г.г. слухаў лекцыі ў Пецярбургскім універсітэце. З 1906 г. у Рызе, дзе далучыўся да мясцовага беларускага руху. У 1906-1908 г.г.  чалец БСГ.

 З сакавіка 1909 г. у Вільні. У 1909-1914 г.г. сакратар газэты "Наша ніва". Рэдагаваў газэту "Гоман" (1916-1917). У час Першай сусьветнай вайны заставаўся ў Вільні; кіраваў "Беларускай кнігарняй" і Беларускім выдавецкім таварыствам. У сакавіку 1918 г. кааптаваны ў Раду БНР. У лістападзе 1918 г. увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У снежні 1919 г. узначаліў Кабінет міністраў Народнай Рады БНР. Арыштаваны польскімі ўладамі 17 снежня 1919 г.; вызвалены ў лютым 1920 г.; пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху. 20 красавіка 1923 г. падаў у адстаўку з пасады прэм'ер-міністра БНР. У 1923-1927 г.г. выдаваў часопіс "Крывіч".

Пасля палітычнага перавароту ў Літве (17 снежня 1926) у красавіку 1927  г. пераехаў у БССР. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея, загадчыкам кафедры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1928  г.  акадэмік БелАН. Быў неадменным сакратаром Інбелкульта. Вызвалены ад гэтай пасады 20 лістапада 1929 г. 21 ліпеня 1930 г. арыштаваны ДПУ БССР па справе "Саюза вызвалення Беларусі". 6 снежня 1930  г. пазбаўлены звання акадэміка. Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 г. высланы на 5 гадоў у Саратаў. Паўторна арыштаваны 20 жніўня 1937 г.. 23 студзеня 1938 г. прыгавораны да расстрэлу.

Наступную прамову меў старшыня Таварыства Беларускай Культуры – спадар Хведар Нюнька, які ўзгадаў добрым словам св. памяці Сяргея Карніловіча. Слынны дзеяч беларускага замежжа нарадзіўся ў лістападзе 1929 года на Слонімшчыне. Гарачы віхор вайны занёс яго, як шмат іншых адданых беларусаў, спачатку ў Нямеччыну, а потым у ЗША, штат Огаё. З прыватнай ініцыятывы спадара С. Карніловіча ў г. Кліўлендзе быў створаны знакаміты сёння Грамадскі цэнтр “Полацак”. Тут на амерыканскай зямлі паўстала людная беларуская калонія, была пабудаваная беларуская праваслаўная царква. На пачатку 90-ых гадоў грамада “Полацку” стала адным з асноўных носьбітаў непарыўнай традыцыі беларускага нацыянальнага руху і застаецца такой па сёняшні дзень. Сяргей Карніловіч памёр у красавіку 1993 г., ён ажыццявіў свае задумы і пакінуў нам трывалую спадчыну.

Напрыканцы імпрэзы студэнт ЕГУ – Юрась Юркевіч прадставіў для першага паказу дакумантальны фільм “Булак-Балаховіч. Генерал нескончанай вайны”.  Стужка цікавая для беларускага гледача, таму што ў ёй, бадай упершыню, візуальна паказана гісторыя Асобнага Атраду БНР і Беларускай Саюзніцкай (народнай) Арміі.

У стужцы выкарыстана сапраўдная кінахроніка з першым "бацькам" Беларускай Дзяржавы, прадстаўлены аўтэнтычныя мясціны, якія звязаныя з вайсковай дзейнасцю генерала. Кінахроніка была знята дацкімі дабраахвотнікамі падчас вайны за незалежнасць Эстоніі супраць Чырвонай арміі. Пасля вайны стужка патрапіла спачатку ў Данію, адтуль у Канаду, дзе і была знойдзена ў 90-ыя гады эстонскімі даследчыкамі.

 У фільме паказаны памяшканні штабу Асобнага Атраду БНР ў Таліне, сядзіба другой жонкі Станіслава, мясціны памяці ў Пскове, Варшаве і Пінску. На фотаздамках можна было пабачыць нават броняцягнік Булак-Балаховіча – “Талабчанін”. На цікавых фотах паказаныя палкоўнік Кастусь Езавітаў у вайсковай форме БНР узору А. Луцкевіча ды Рада беларускай калоніі ў Рызе разам з палкоўнікам Мінгрэльскім – радстаўніком Асобнага Атраду Балаховіча.

Кожнае фота мае ўжо сваю асобную гісторыю, так, напрыклад здымак генерала Булак-Балаховіча, што паказаны паводле сцэнару фільма пасля вызвалення Пінску ад чырвоных, ёсьць адзіным фота Станіслава у генеральскай вайсковай форме Беларускай Народнай Арміі. Фотакартка зроблена ў самім Пінску, відаць, адразу пасля ўцёкаў Саветаў і падорана ротмістру Мурав’ёву на памяць аб гэтай перамозе. Пазней фота трапляе у ЗША, дзе і захоўваецца па сёняшні дзень у прыватнай калекцыі.

Карціна “Булак-Балаховіч. Генерал нескончанай вайны” здымалася больш за год у Беларусі, Польшчы, Эстоніі і Расеі. Каманда адмыслоўцаў пры дапамозе навуковага кансультанта Уладзімера Ляхоўскага вельмі ўдала апрацавала архіўныя дакуманты, фота і рэпрэзентавала гістарычны тэкст. Фільм можна лічыць удалым дадаткам папярэдняй стужкі С. Ісакова "Слуцкі збройны чын" (2008) і кнігі Алега Латышонка "Жаўнеры БНР" (2009).

У стужцы генэрал БНР апавядае аб сваім жыцці ад першай асобы, за аснову тэкста ўзяты ўласнаручны жыццяпіс Булак-Балаховіча.  Аўтары ўпершыню далі “права голасу” гістарычнай постаці пасля больш чым 80 гадоў калі не цкавання, дык замоўчвання. Стужка мае шанец абвастрыць праблему вяртання беларускага вайсковага дзеяча ў нацыянальную гісторыяграфію і прапануе новую інтэрпрэтацыю змагання за беларускую дзяржаўнасць. Рэжысёр фільму - Сяргей Ісакоў, сцэнар - Уладзімір Халіп, даўжыня 64 хвіліны, 2009 год.

Пасля прагляду прысутныя задавалі шмат пытанняў Юрасю Юркевічу, што датычацца: шлюбаў і нашчадкаў С. Булак-Балаховіча, адносінаў Балаховіча з Мікалаем Юдзенічам, акалічнасцяў пераходу Асобнага Атраду БНР з Эстоніі ў Польшчу, нацыянальнага складу фармаванняў Булак-Балаховіча. Выступоўца адказаў на ўсе пытанні разгорнута, падчас дыялогу былі паднятые новыя цікавыя тэмы, прадстаўлены заўвагі да стужкі.

Юрась Юркевіч

Вільня, снежань 2009 г.

 

 

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta