Крок наперад
27 кастрычніка 2009, 12:20
Апарат упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў апублікаваў на сайце загад за подпісам Леаніда Гулякі аб зацвярджэнні складу Кансультатыўнага савету кіраўнікоў грамадскіх арганізацый суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой. У склад савета ўвайшлі і прадстаўнікі "Бацькаўшчыны". Упершыню гэты намер Л.Гуляка агучыў на Пятым з'ездзе беларусаў свету.
На сустрэчы, што адбылася паміж упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і прадстаўнікамі "Бацькаўшчыны" пасля Пятага з'езду было агучана запрашэнне кіраўніцтву арганізацыі ўвайсці ў склад гэтага дарадчага органа. Таксама станоўча была прынятая прапанова Згуртавання ўвесці ў склад савета Яўгена Вапу -- старшыню Беларускага Саюза ў Польшчы, Хведара Нюньку - старшыню Таварыства беларускай культуры ў Літве, Алега Рудакова - старшыню Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Я.Чэрскага (Расія). Усяго ж у савет увайшлі 10 сяброў "Бацькаўшчыны", у тым ліку і сяброў яе кіруючага органа - Вялікай Рады.
Асноўнымі задачамі Савета, адпаведна адмысловага палажэння, з'яўляецца аказанне суайчыннікам падтрымкі ў захаванні і развіцці іх нацыянальна-культурнай самабытнасці; садзейнічанне беларускім суполкам замежжа ў эканамічным супрацоўніцтве з суб'ектамі гаспадарання Рэспублікі Беларусь; спрыянне беларусам, якія вырашылі вярнуцца на Радзіму; заахвочванне іх да ўдзелу ў рэалізацыі сацыяльна-эканамічных, грамадска-культурных і іншых праграм Рэспублікі Беларусь.
Савет надзелены правам уносіць Упаўнаважанаму прапановы па аказанні арганізацыйнай, метадычнай і іншай дапамогі грамадскім аб'яднанням беларусаў замежжа ў ажыццяўленні сумесных мерапрыемстваў.
Праз Упаўнаважанага і яго апарат Савет узаемадзейнічае з органамі кіравання Рэспублікі Беларусь па пытаннях захавання і папулярызацыі агульнай гісторыка-культурнай спадчыны, заахвочвання беларусаў замежжа да ўдзелу ў культурных мерапрыемствах у Беларусі, да супрацоўніцтва ў сферы турызму, садзейнічання ў рэалізацыі правоў беларусаў замежжа на атрыманне адукацыі і павышэнне кваліфікацыі, згодна з закандаўствам Рэспублікі Беларусі і іншых пытаннях.
Пасяджэнні Савета праводзяцца па меры неабходнасці, але не радзей аднаго разу на год. Дзейнічае савет на грамадскіх пачатках.
На думку кіраўніка МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" Алены Макоўскай, уваходжанне прадстаўнікоў "Бацькаўшчыны" ў склад кансультатыўнага савета "можна разглядаць як канструктыўны крок з боку беларускіх уладаў. Мы спадзяёмся, што прадстаўніцтва "Бацькаўшчыны" ў Савеце дасць магчымасць паўплываць на хутчэйшае прыняцце закона "Аб беларусах замежжа", а таксама вырашаць бягучыя праблемы беларускай дыяспары".
www.zbsb.org.