Маладыя беларусы свету сустрэліся ў Літве

19 кастрычніка 2009, 18:03


Студэнты-беларусы з усяго свету сустрэліся ў 60 км ад Вільнюса на трэцім з'ездзе USB Rally 2009. Сустрэліся, каб пазнаёміцца, убачыць таемныя закуткі літоўскай сталіцы і пагаварыць пра Беларусь, якая жыве ў кожным.

USB у гэтым выпадку азначае не папулярны камп'ютарны інтэрфейс, а проста скарачэнне ад United Students of Belarus. На з'езд прыехалі студэнты з Францыі, Нямеччыны, Італіі, Польшчы, Расіі, Украіны, ЗША, Літвы і, натуральна, Беларусі.

                       Маляўнічы і ... халодны вільнюскі прыгарад

З'езд праходзіў за 60 кіламетраў ад Вільнюса, у цэнтры адпачынку Дубінгай, на маляўнічым беразе возера Асвея. Драўляныя домікі, лазня на беразе вадаёма, кручастыя дарогі і рыбакі, якія жэстамі прасілі ў студэнтаў цішыні. Халоднае надвор'е, вецер і восеньскі дождж крыху расстроілі ўдзельнікаў, асабліва тых, хто прыехаў з цёплай Фларэнцыі, але дзякуючы надвор'ю можна было адчуць спецыфіку прыбалтыкі.
У самім Вільнюсе быў росквіт восені: людзі спешліва стукалі абцасамі па мокрым асфальце, пераскоквалі лужыны, хаваліся ад ветра ў каўнера. Жоўтыя і чырвоныя лісты чапляліся за колы валізак, лёталі ў паветры і вельмі надавалі гораду яшчэ больш рамантыкі.

                                 Пра што ішла гаворка

Праграма прадугледжвала адукацыйныя трэнінгі. Нас папярэдне разгрупіравалі па інтарэсах: пісьменніцтва, PR, адвокасі. Менавіта на агульнасці інтарэсаў і супольнай патрэбе рабіць нешта грунтуецца ідэя USB. На прэзентацыях праектаў былі гарачыя спрэчкі, ідэі і юнацкая аванцэрнасць у задумках. Студэнты з Беларусі і Літвы распрацоўвалі праект, як можна вярнуць льготы студэнтам у Беларусі, а вось студэнты з Амерыкі спрабавалі данесці іншае: "Мы - студэнты. Актыўныя і прагрэсіўныя людзі. Нам не патрэбныя ніякія льготы, бо мы самі можам і вучыцца, і працаваць адначасова". Іншая група думала, як можна зрабіць інтэрнэт для беларускіх студэнтаў такім жа танным, як і ў Еўропе. Трэцяя група ўдзельнікаў прапанавала зрабіць малебныя пакоі ва ўсіх універсітэтах у Беларусі. Студэнты-беларусы, якія навучаюцца ў розных краінах свету, дзяліліся досведам, праблемамі і перспектывамі, якія ёсць у Беларусі і за мяжой. Разважалі таксама, як зрабіць маладога беларуса дзейсным, як зматэваваць яго да рэальных спраў у адстойванні сваіх правоў і інтарэсаў.

                                     Знаёмства з Вільнюсам

Горад арганізатары праекта паказалі незвычайна - з дапамогай гарадской гульні Da Vilno Code. На працягу шасці гадзін па ўсім горадзе бегалі шэсць каманд студэнтаў-беларусаў у пошуках сакрэтнага кода і падказкі на наступнага раунда. Пасля была экскурсія ў Нацыянальны мастацкі музей. Ад залі да залі змяняюцца эпохі і стылі. Вельмі шмат карцін канца 90-х гадоў - пераасмысленне савецкага мінулага, свабодны дух, парваная школьная форма піянеркі як сімвал новага часу.

Начны Вільнюс, нібы апаясаны вялікай навагодняй герляндай, развітваўся з студэнтамі-беларусамі з усяго свету. А студэнты, якія сталі такімі блізкімі літаральна за тыдзень, дамаўляліся на новую сустрэчу, хай сабе і праз год.

Юрак Талашка,

www.moladz.org.

 

 

 

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta