7 кастрычніка - Юбілей!
05 кастрычніка 2009, 18:13
Няшмат ёсць сярод нас асоб, згадка пра якіх адразу выклікае ва ўсіх асацыяцыю з нашым таварыствам "Сьвітанак". Для мяне гэта наогул толькі два чалавекі, і адна з іх - наша Таццяна Касуха. Яе голас беларусы Латвіі амаль два дзесяцігоддзі чуюць на хвалях "Домскай плошчы" ў радыёперадачы на роднай мове. У мінулым годзе мы адзначалі дваццацігоддзе "Сьвітанкa", а Таццяна ў таварыстве - ужо 18 гадоў! І мы вельмі радыя цяпер ужо яе павіншаваць з юбілеем! Усе 18 гадоў - гэта гады яе вельмі руплівай працы на карысць захавання і адраджэння беларушчыны ў Латвіі.
Лёс закінуў Таццяну з Беларусі ў Латвію ў далёкім 1990-ым годзе. Як шмат хто з нас, жанчын яе пакалення, Таццяна выйшла замуж за латвійца. Тады гэта быў фактычна пераезд у межах адной краіны. Але кожны ўспрымаў гэткі пераезд па-свойму. Шчырая беларуска, Таццяна адразу ж прыйшла ў “Сьвітанак” выкладаць родную мову ў дзіцячай беларускай мастацкай студыі "Вясёлка".
А да гэтага за плячыма ў яе быў факультэт журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага Універсітэту і праца ў газеце на Віцебшчыне. Яе веды і журналісцкі талент вельмі спатрэбіліся ў таварыстве, і з таго часу і дагэтуль яна - наш "голас" у радыёэфіры, бяззменная аўтар і вядучая "сьвітанкаўскай" радыёпраграмы на беларускай мове.
Але гэтым не абмяжоўвалася грамадская праца Таццяны ў "Сьвітанку". Калі ў нашым таварыстве ў 1992 годзе была арганізаваная нядзельная школа, Таццяна на працягу трох гадоў выкладала ў ёй родную мову. Да 15-ых угодкаў аб дзейнасці таварыства намаганнямі "сьвітанкаўцаў" выйшла кніжка "Cьвітанак", і рэдагавала яе Таццяна. Другім, пасля радыёперадачы, вялікім клопатам для журналісткі Таццяны стаў вэб-сайт нашага таварыства. Яна была адной з ініцыятараў яго стварэння ў 2004 годзе і дагэтуль з'яўляецца бяззменным яго рэдактарам. І менавіта дзякуючы яе намаганням, сайт займеў яго сённяшняе аблічча. Можна доўга пералічваць выданні, у якія Таццяна пісала аб дзейнасці і нашага таварыства, і аб беларускай прысутнасці ў Латвіі. Яе самаадданая грамадская праца па захаванню і развіццю беларускай культуры ў Латвіі не засталася незаўважаннай. Двойчы: у 2003-ім і ў 2008-ым гадах Таццяна Касуха была ўзнагароджаная Ганаровымі граматамі Міністэрства Культуры Латвійскай Рэспублікі.
Лічыцца, што няма незаменных людзей, але асабіста мне вельмі цяжка ўявіць сабе "Сьвітанак" без стараннай і працавітай, сціплай і адказнай, дабразычлівай і спагадлівай, вялікай беларускай патрыёткі Таццяны!
Хочацца пажадаць тваімі ж словамі, Таццяначка, якія мы чуем звычайна напрыканцы тваіх беларускіх радыёперадач:
Дабра, цяпла і згоды табе яшчэ на шмат дзесяцігоддзяў! Няхай з Божаю дапамогаю будзе ўсё толькі цудоўна ў тваёй сям'і і на працы, добрага здороўя і настрою, натхнення табе, поспехаў ва ўсіх справах і ў тваёй руплівай працы ў нашым таварыстве!
Ад імя Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак",
Таццяна Казак