Сёння - Міжнародны дзень сталых людзей

02 кастрычніка 2009, 19:05

 

Першы дзень кастрычніка сустракае мяне залатой коўдрай лісця на маёй вуліцы. Вітае водарам спелай антонаўкі, яблык, што так нагадваюць бацькоўскі дом і растуць у маім рыжскім садзе. Зазірае ў мае вокны стракатымі хрызантэмамі, якія ў Латвіі ласкава завуць мартынь-ружамі. Кастрычнік вітае мяне галасамі маіх суседак-бабуль, якія выйшлі з ранку змагацца з тым залатым лісцем і якія калісьці падаравалі мне гэтыя мартынь-ружы. Каб раслі яны і ў маім садзе. Сёння гэтыя кветкі я падарую і спадарыні Вэлце, і спадарыні Валіі, бо сёння - 1 кастрычніка - іх дзень, сёння - Міжнародны дзень сталага чалавека.

Мне да спадобы, як гучыць назва гэтага дню менавіта на маёй роднай мове. Сталы -  гэта не тое, што стары ці «пажылы». Сталасць - гэта не толькі ўзрост, гэта перш за ўсё - якасць, нейкая сваеасаблівая мера мудрыні. І павагі.

Сталыя людзі - гэта нашы дзядулі і бабулі, сваякі, суседзі, добрыя знаёмыя. Гэта і значная частка нашых «сьвітанкаўцаў», тых, хто стаяў ля вытокаў нашага таварыства і за гэтыя дваццаць гадоў існавання суполкі не згубіў сувязі з ёю. Насуперак узросту гэтыя людзі застаюцца маладымі сваім духам і адносінамі да жыцця. Наша самая сталая «сьвітанкаўка» доктар фізічных навук Наталля Пятроўна Цімаховіч некалькі гадоў таму перасягнула васьмідзесяцігадовы рубеж. Чым займаецца зараз? Зразумела, навукай. Даследуе касмічную тэму ў творчасці Яніса Райніса. Будзем чакаць грунтоўных публікацый.

Яшчэ адзін наш славуты сябра, таксама доктар навук спадар Алесь Жалейка нядаўна вярнуўcя з Тэхасу і зараз займаецца з праўнукам, які вучыцца ў пятым класе. Гады два  таму ў Германіі на нямецкай мове выйшаў зборнік яго вершаў. На днях у сеціве звярнула ўвагу на артыкул пад рубрыкай «Фізік жартуе». Аўтар - спадар Жалейка. Зацікавілася!

Зусім нядаўна ў Гародні завершылася персанальная выстава Вячкі Целеша. На днях сустрэліся з ім у АНКТЛ. Размова была кароткай. Вячаславу Міхайлавічу трэба было бегчы рыхтаваць персанальную выставу ў  інстытуце, дзе ён выкладае. Я пайшла глядзець восеньскую выставу, якая ладзіцца ў  будынку Асацыяцыі, удзел у ёй  бярэ і спадар Вячка. Датэлефанавацца да Вячаслава Міхайлавіча ў гэты дзень не змагла.  У яго былі заняткі...

Затое разам з нашай маладой зямлячкай Ірынай Кузьміч выбраліся ў госці да Карыны Мікалаеўны Кастаненка. Падзівіліся на яе цудоўную калекцыю лялек у нацыянальных строях. Тут табе і шведы,  і  партугальцы, і, зразумела, французы. Гэтыя лялькі Карына Мікалаеўна, у мінулым перакладчыца французскай мовы, атрымала ў падарунак ад дэлегацый, з якімі яна працавала. А яшчэ нас зацікавілі рэдкія беларускія кнігі, якія захоўваюцца ў доме Карыны Мікалаеўны. У кожнай з іх  -  свой лёс. І нам вельмі закарцела пра яго даведацца. А гэта значыць, што трэба яшчэ раз абавязкова прыехаць у госці да Карыны Мікалаеўны... І не абавязкова дзеля гэтага чакаць нагоды!

 

1 кастрычніка - Міжнародны дзень сталых людзей.
Гэтая знамянальная каляндарная дата ўсталяваная Генеральнай Асамблеяй ААН 14 снежня 1990 года

У гэты дзень нашы асаблівыя словы падзякі Вам, нашы паважаныя!

Мы ўдзячныя Вам, шаноўныя нашы бацькі, бабулі, дзядулі -  за мудрыню, дабрыню, за  спагаду, за тое, што Вы ёсьць у нашым жыцці!

Здароўя, цеплыні, клопату і павагі ў Вашым жыцці!
Мы любім, шануем і паважаем Вас.

З Днём сталых людзей - святам мудрыні - ўсіх нас!

Таццяна Касуха

 

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta