У Вільні адбылася Чацвёртая канферэнцыя беларусаў краін Балтыі і Беларусі

23 верасня 2009, 10:45

 


У Вільні 5-6 верасьня 2009 г. адбылася IV канферэнцыя беларусаў краін Балтыі і Беларусі арганізаваная Таварыствам беларускай культуры ў Літве.

На ёй прысутнічалі госьці з Беларусі, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расеі. Не абмінулі ўвагай і літоўскія ўлады (вялікім гонарам для ТБК была прысутнасьць прэм'ер-міністра Андрюса Кубілюса, генеральнага дырэктара Дэпартамента нацменшынь Арвідаса Даўнаравічюса і др.), а таксама старшыні літоўскіх грамадзкіх арганізацый (Альфонсас Аўгуліс, Казімерас Гаршва і др.).

Працу каферэнцыі пачалі з прывітальнага слова старшыні ТБК Хведара Нюнькі, які ўсім пажадаў плённа правесьці гэтыя два дні.

Затым удзельнікаў віталі прадстаўнікі літоўскай улады. Вельмі прыемным быў той момант, калі прамаўляў прэм'ер-міністр Літоўскай Рэспублікі Адрюс Кубілюс. Ён між іншым адзначыў, што беларусы з'яўляюцца неад'емнай часткай Вільні і гісторыі ВКЛ. У нас была агульная дзяржава і мы маем агульныя карані, якія толькі нязначна розьняцца між сабой, - гаварыў прэм'ер. І далей ён дадаў, што і беларусы маюць сваё месца ў гісторыі Вільні, якія ёсьць не толькі горадам літоўскай культуры, але і жыдоўскай, польскай, рускай, украінскай, а таксама і беларускай.

І іншыя прадстаўнікі літоўскіх уладаў гаварылі аб значным укладзе беларусаў у гісторыю Вільні і аб іх глыбокіх каранях у Літве. Не раз падкрэсьлівалася мірнае суіснаваньне нашых народаў і тое, што яны ўзбагачалі адзін другога на ўсёй тысячагадовай гісторыі.

Варта адзначыць, што фармат самой канферэнцыі розьніўся ад папярэдніх. Гэтым разам для прыбыўшых беларускіх суполак зь іншых краін давалася заданьне прадставіць сябе на гэтай канферэнцыі. І на гэта адразу адгукнуліся беларускія суполкі Балтыцкага рэгіона.

З Калінінграду суполка ўжо ня першы раз рэпразэнтавала сябе гульнёй на цымбалах. У іх прыгожым мілагучным гучаньні нясьлі гукі далёкае і занядбанае Бацькаўшчыны з надзеяй у яе адраджэньне.

Прыемна зьдзівілі беларусы Латвіі сваёй праграмай. У прыгожых і дзіўных галасах беларусаў з Рыгі чуліся сьпевы ня толькі з далёкае Італіі, але і галасы зямлі продкаў, якія заклікалі аб вяртаньні да каранёў, да вытокаў. У іх, ня толькі заклік вяртаньня да матулі, якая заўжды чакае, але і вяртаньне да шматпакутнае Бацькаўшчыны, якая, як і матуля, спадзяецца на вяртаньне сваіх сыноў, параскіданых па сьвеце.

Польскія беларусы, дарэчы як і Эстонскія, распавялі ў асноўным аб свіх уласных праблемах, аб сітуацыі беларускай меншасьці ў сваіх краінах і аб беларускіх СМІ ў іх. Варта адзначыць, што ў Польшчы яны пастаўлены на высокі ўзровень, выдаецца штотыднёвая газета „Ніва", працуе беларускае радыё „Рацыя", выходзяць беларускія перадачы на польскім радыё.

Большасьць выступоўцаў акцэнтавала крыжовы шлях Беларусі і гаварыла аб склаўшыхся беларускіх праблемах у розных краінах і магчымых сродках іх вырашэньня. Самая вялікая праблема сёняшняга часу - гэта дэнацыяналізацыя беларусаў, згуба імі сувязі з этнічнымі каранямі. Калі розныя нацыі маюць падтрымку сваіх нацыянальных дзяржаў, то беларусы гэтай магчымасьці пазбаўленыя за таго, што на іх Бацькаўшчыне пануе акупацыйны антыбеларускі рэжым, які сваёй галоўнай задачай паставіў зьнішчэньне беларусаў як нацыі. І вось мы апынуліся на мяжы выжываньня. І што застаецца? Відаць, чакаць. Разлічваць на ўнутраны патэнцыял беларусаў замежжа не прыходзіцца. Калі яшчэ год дваццаць назад былі моцныя беларускія асяродкі, якія сваім духам падпітвалі і падтрымлівалі беларускасьць, то на дадзены момант у большасьці сваёй іх самыя актыўныя дзеячы адыйшлі да нябеснай Беларусі і, магчыма, адтуль і падтрымліваюць нас, але тут, на зямлі, гэтага не дастаткова, патрэбен рэальны беларускі дух, які пакрысе згасае. І гэта рэальная праблема калі бліжэйшым часам не будзе вырашана, можа адбыцца працэс, калі адраджэньне беларускай нацыі будзе пад вялікім пытаньнем.

А самая вялікая небяспека схаваная ў тым, што большасць беларусаў не бачыць гэтага.

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый, дзеячы культуры і навукі ў асноўным спыняліся на ўласных праблемах, з якімі сутыкаюцца, працуючы на ніве беларускасьці, а таксама дзяліліся і посьпехамі, якіх змаглі дасягнуць у гэтых цяжкіх умовах.

Спадар Вячка Целеш (Рыга) адзначыў, што ў Вільні, у адрозненьні ад Рыгі, ёсьць не толькі месцы, дзе некалі віравала беларускасьць, але і помнікі беларускасьці, гэта мемарыяльныя шыльды, гэта магілы беларускіх дзеячоў, да якіх можна прыйсьці пакланіцца і ўскласьці кветкі.

Але і ў самой Рызе не ўсё так трагічна. Дзейнічае грамадзкая арганізацыя беларусаў „Сьвітанак", ёсьць беларуская школка. Так што яшчэ беларускі дух там лунае. Хаця ў даваеннай Латвіі было 4 беларускіх дзяржаўных гімназіі, вялікая колькасьць школ. Дзе яны сёньня?

Спадарыня Маргарыта Пярова з Пецярбурга распавяла і аб беларушчыне і ў гэтай, як яна зазначыла, беларускай сталіцы. Сапраўды, на пачтаку ХХ стагоддзя, было два цэнтры, дзе пачыналася беларускае адраджэньне: Вільня і Пецярбург. Пецярбург зьвязаны з імем Браніслава Эпімах-Шыпілы. Да таго ж у ім было вельмі шмат беларускіх дзеячоў. Яна займаецца пытаньнямі папаўненьня фондаў беларускіх кніг у бібліятэцы Санкт-Пецярбурга і прасіла, па-магчымасьці, дапамагаць ёй у гэтай справе і ахвяроўваць кнігі, матэрыялы, фільмы, зьвязаныя з Беларусьсю. Лістуючыся з архівамі сп. Пяровай ўдалося ўстанавіць і больш дакладную дату сьмерці Антона Луцкевіча, які адыйшоў у вечнасьць не ў 1946 г., а 23 сакавіка 1942 г.

Шмат сумнага гучала ў выступе Ганны Кандрацюк. Яна сябе абазначыла беларускай з Белавежы. Але, на жаль, беларусы ў Польшчы, па яе словах, не маюць будучыні, яны ўсё больш і больш суадносяць сябе сёньня да палякаў. Яна адзначыла і аб вялікай працы па захаваньню беларускай спадчыны рэгіёна, якая праводзіцца ў Беластоку. Гэта і газета "Ніва", гэта і шмат беларускіх кніжак, якія там выдаюцца.

Доктар Лілія Плыгаўка з Віленскага педагагічнага ўніверсітэта распавяла аб стварэньні беларускай катэдры ва ўніверсітэце і стварэньні Віленскай беларускай школы імя Францішка Скарыны. Зазначыла, што катэдра ў той час паўстала дзякуючы стараньням Хведара Нюнькі. Сёньня катэдра ператворана ў цэнтр беларусістыкі, але працягвае працу, рыхтуе студэнтаў па беларусістыцы. Як зазначыла сп. Лілея, выпускнікі ўніверсітэта пачынаюць несьці беларускасьць у масы, бо ў час іх навучаньня так ці іначай сфармаваў у іх усьведамленьне беларускасьці.

На канферэнцыі адбылася прэзэнтацыя новага двухсэрыйнага дакументальнага фільма ТБК рэж.Вольгі Мікалайчык "Беларускія справы".

З прыгожым канцэртам выступіла Віленская беларуская школа імя Францішка Скарыны. У іх прагучала шмат беларускіх патрыятычных песьняў, у тым ліку і дзьве „Пагоні". Прасьпявалі і песьню на словы Зянона Пазьняка, які прысутнічаў у зале, „Ave, Maria".

У часе працы канферэнцыі была абрана рэдакцыйная камісія у складзе: Алега Трусава,Уладзіміра Хільмановіча, Вячкі Целеша і Алеся Адамковіча. У іх задачу ўваходзіла выпрацаваньне зваротаў да дзяржаўных ворганаў Літвы, Беларусі, Эўразьвяза. У іх зазначалася і аб цяжкасьцях, зь якімі сутыкнулася ТБК у часе працы, і аб праблемах беларусаў замежжа, іх ідэнтыфікацыі, аб лёсе беларускай мовы і культуры. Больш падрабязна з прынятымі зваротамі можна пазнаёміцца на нашым сайце www.westki.info/tbk .

Вялікую падзяку хочацца выказаць грамадзкаму аб'яднаньню "Бацькаўшчына" за аказаньне дапамогі ў правядзеньні канферэнцыі. На ёй прысутнічалі прэзідэнт згуртаваньня Алена Макоўская і яе намесьнік Ніна Шыдлоўская. Усе гэтыя два дні яны былі разам з намі. А на прыканцы ўсіх удзельнікаў парадавалі арганізаваным канцэртам у ратушы. З Менску арганізавалі прыезд двух беларускіх гуртоў, дзе мы змаглі пазнаёміцца з беларускай музыкай ХІХ ст. і музыкай беларускага сярэднявечча.

Вядучымі на канферэнцыі былі Крыстына Балаховіч і Андрусь Старавойтаў, якія гэтыя два дні вялі праграму і знаёмілі ўдзельнікаў.

 

Алесь Адамковіч,
Вільня

Больш падрабязна аб канфэрэнцыі чытайце на сайце Таварыства беларускай культуры ў Літве www.info/tbk

 

 

 

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta