Свята беларускай песні

30 студзеня 2009, 12:50

 
 
4-гадзінны канцэрт беларускіх артыстаў у рыжскім Доме кангрэсаў у рамках замежнай грамадска-культурнай акцыі “Мы – з Беларусі” прайшоў пры поўным аншлагу.
 
 
Рыга стала першым горадам у Прыбалтыцы, які прымаў удзельнікаў гэтай безпрэцэндэнтнай акцыі. У сталіцу Латвіі прыехалі вядучыя творчыя калектывы і выканаўцы суседняй краіны. У іх ліку – дзяржаўны ансамбль “Песняры”, народныя артысты Беларусі Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, пераможца міжнароднага конкурса “Славянскі кірмаш” Пётр Ялхімаў і заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Інна Афанасьева. Удзельнікамі акцыі сталі таксама маленькія беларускія зорачкі – пераможца дзіцячага Еўрабачання Ксенія Сітнік і срэбраны прызёр гэтага конкурса Андрэй Кунец. А фінальным аккордам канцэртнай праграмы было выступленне заслужанага калектыву Беларусі ансамбля “Сябры”.
 
Адчынілі гэтае светлае свята песні Надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі Аляксандр Міхайлавіч Герасіменка і намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктара Паўлавіч Грыдзюшка.
 
 –  Беларускія артысты неўпершыню на латвійскай сцэне і заўсёды іх прымалі тут з цяплынёй,  –  сказаў В. Грыдзюшка. –  Мы – суседзі, разумеем і паважаем адзін аднаго, а культура не мае межаў.
 
Намеснік міністра культуры Беларусі падкрэсліў, што Беларусь адчыненая для дыялога і гатовая і надалей да пашырэння супрацоўніцтва з Латвіяй.
 
Адчыніў канцэртную праграму папулярны дуэт – Ядзвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч. Памятаеце, іх песні, якія сталі хітамі – “Белы снег” , “Завіруха”, “Я у бабушки живу”?  Яны прагучалі пад апладысменты гледачоў і ў Рызе.
А як чароўна гучаў непараўнальны голас Пятра Ялхімава!
 
Колькі святла і дабрыні ўнеслі ў залю маленькія  беларускія зорачкі – Ксенія Сітнік і Андрэй Кунец! Яны выступалі разам са сваімі сябрамі  –  латвійскай дзіцячай шоу-групай “Мікс”.
 
Для Ксюшы гэты канцэрт у Рызе быў асаблівы – ён супаў з яе днём  нараджэння. 13-гадовая артыстка  тут жа на сцэне атрымала падарункі – мабільны тэлефон ад кампаніі  “Руская служба” , эфектны торт ад  арганізатараў канцэрта прадусэрскага цэнтра “DEVRO  “ і мора кветак ад аматараў яе творчасці і сяброў.
 
І вось на сцэне легендарны ансамбль “Песняры”.  Пасля таго, як з жыцця адыйшоў  яго славуты заснавальнік Уладзімір Мулявін, калектыў перажыў няпростыя часы. Зараз у складзе ансамбля  – новыя таленты . “Песняры” па-майстэрску выканалі свае добра вядомыя песні і зусім новыя. Адну з іх  –  “Ганна” на словы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа напісаў цяперашні кіраўнік ансамбля Вячаслаў Шарапаў.
 
У другім аддзяленні канцэрта гаспадарамі сцэны былі “Сябры”. Калектыў прадстаўляў яго заснавальнік і бяззменны кіраўнік, народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка. Яго дачка Алеся – душа ансамбля “Сябры” паказала гледачам сваю невялікую праграму.
 
Чатыры гадзіны праляцелі неўпрыкметку. Гледачы былі саўдзельнікамі канцэрта. Яны не толькі  апладыравалі, але і спявалі разам з любімымі артыстамі.
 
Ансамбль беларускай песні “Паўлінка” з Ліепаі назваў гэты канцэрт для сябе унікальнай рэпетыцыяй. І, вядома, цудоўным падарункам для суполкі “Мара” з нагоды яе 9-га дня нараджэння ад Амбасады Беларусі ў Латвіі.
 
 
Акцыя “Мы –  з Беларусі” праводзіцца ўпершыню. Яе мэта – пазнаёміць замежныя краіны з духоўнымі і культурнымі каштоўнасцямі беларускага народа, дасягненнямі сучаснага музычна-харэаграфічнага, эстраднага і тэатральнага мастацтва. Яна закліканая актывізаваць культурныя стасункі паміж краінамі-суседзямі – Расіяй, Украінай, Польшчай, краінамі Прыбалтыкі. А кульмінацыяй яе стане начны канцэрт у Дзень рэспублікі, 3-га  ліпеня, у сталіцы Беларусі ля абяліска “Мінск – горад-герой”.
 
Валянціна Грыбоўская,
фота аўтара
 
На здымках: Беларускія “Песняры”  -  на латвійскай сцэне. Удзельнікі акцыі "Мы – з Беларусі”: фінальны аккорд.

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta