Мастакі-беларусы - сябры Саюза мастакоў Латвіі
23 студзеня 2009, 21:37
Ужо семнанаццаць гадоў дзейнічае творчая прафесійная супольнасць мастакоў-беларусаў Балтыі "Маю гонар", якая якраз гэтымі студзеньскімі днямі адзначыла сваю чарговую гадавіну.
І як раз у гэтыя дні прыйшла прыемная навіна - сябрам Саюза мастакоў Латвіі стаў вядомы жывапісец і графік, нязменны кіраўнік аб‘яднання "Маю гонар" Вячка Целеш.
На рахунку Вячкі Целеша - 27 персанальных выстаў і шматлікі ўдзел у калектыўных выставах па ўсяму свету. Яго імя - у самых прадстаўнічых мастацкіх энцыклапедыях і Латвіі і Беларусі. А летась агляд творчасці Вячкі Целеша, як прызнанага еўрапейскага майстра графікі і экслібрыксу, быў уключаны ў спецыялізаванае мастацкае выданне Contemporaru internftional exlibrisartists , якое выходзіць ў Партугаліі.
У свой час Вячаслаў Міхайлавіч Целеш закончыў педагагічнае аддзяленне Латвійскай Акадэміі мастацтваў. Вучыўся ў вядомых латышскіх мастакоў. А зараз і сам навучае. І не толькі рыжскіх школьнікаў, якія займаюцца ў яго студыі. З мінулага года В.Целеш выкладае ў Рыжскім інстытуце менэджменту інфармацыйных сістэм тым, каму падабаецца жывапіс і хто хоча стаць прафесійным дызайнерам. Ён навучае студэнтаў, будучых дызайнераў, асновам жывапісу і малюнка.
І ўжо больш дзесяці гадоў мастак-беларус з Рыгі Вячка Целеш з'яўляецца сябрам Саюза мастакоў Беларусі.
А першай сябрай Саюза мастакоў Латвіі сярод мастакоў-беларусаў стала наша зямлячка Ганна Пейпіня. "Мастачкай радасці" называюць Ганну латвійскія журналісты за той эмацыянальны зарад, які нясе яe творчасць. Дарэчы, Ганна Пейпіня таксама сябра аб'яднання "Маю гонар". Яе выставы - заўсёды падзея. І зараз мастачка рыхтуецца да чарговай творчай справаздачы перад прыхільнікамі сваёй творчасці, на пачатку лютага ў Рызе павінна адчыніцца яе персанальная выстава.
Віншуем землякоў з гэтай адметнай падзеяй у іх творчым жыцці. Жадаем ім поспехаў і натхнення, а аб'яднанню - новых сяброў!