Аб'яднанню мастакоў Балтыі "Маю гонар" - 15 гадоў
30 студзеня 2009, 11:40
"Беларускія ўражанні ў Балтыі" - такую назву сваёй калектыўнай выставе далі мастакі, сябры аб'яднання беларусаў-мастакоў Балтыі "Маю гонар", якія на днях адсвяткавалі сваё пятнаццацігоддзе.
Гэта стала ўжо добрай традыцыяй - знамянальныя даты ў жыцці суполкі адзначаць сумеснай выставай. Гэтую своеасаблівую творчую справаздачу трымалі беларускія мастакі і сёлета, наладзіўшы беларускі вернісаж у Цэнтры культуры народнай творчасці "Ritums" дэпартамента культуры Рыжскай думы, што размяшчаецца ў адным з маляўнічых будынкаў Старой Рыгі, на вуліцы Яуніелас 29а.
На жаль, сёлета ў юбілейных святкаваннях не змаглі прыняць удзел усе сябры аб'яднання. Імпрэзу ладзіла латвійская суполка таварыства. Гэта Васіль Малышчыц, Вячка Целеш, Ганна Пейпіня, Алена Лаўрыновіч, Анатоль Ермаковіч, Пятро Худабчонак, Ларыса Лойка, Алена Раманенка. Але ўдзел у юбілейнай выставе прынялі не толькі рыжане, а і прадстаўнікі літоўскай суполкі - Юрый Грыгаровіч і эстонскай - Генадзь Курлянкоў і Маргарыта Астравумава, яе карціна, прысвечаная Васілю Быкаву выклікала шчырае захапленне гледачоў. Прыемным сюрпрызам стаў прыезд на свята эстонскага мастака, сябра аб'яднання "Маю гонар" Генадзя Курлянкова.
- Аб´яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» заснаванае ў 1991 годзе ў г.Рызе мастакамі з Латвіі, Эстоніі, Ліетувы і Санкт-Пецярбурга. Зараз у аб´яднанне ўваходзяць 3 суполкі і адна мастачка са Швецыі. У эстонскую суполку «Маю гонар» уваходзяць 2 мастакі, у ліетувіскую - 5 мастакоў.
У латвійскую суполку аб´яднання «Маю гонар» уваходзяць 7 мастакоў, якія жывуць у г.Рызе і адзін мастак з г.Даўгаўпілса. З 1991г. латвійская суполка ладзіла свае выставы ў г.Рызе, г.Даўгаўпілсе, г.Юрмале і г.Лімбажы. Яна пастаянна ўдзельнічае ў агульных выставах мастакоў нацыянальных меньшасцяў, якія штогод арганізуе Асацыяцыя нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Ιты Казакевіч. Мастакі латвійскай суполкі ўдзельнічалі ў агульных выставах АМ-ББ «Маю гонар» у Эстоніі, Ліетуве, Чэхіі і Беларусі. Персанальныя выставы сябраў суполкі адбыліся ў г.Таронта (Канада), г.Кліўляндзе (ЗША), г.С.-Пецярбурзе (Расея), г.Парыжы (Францыя), г.Мінску і г.Гродна (Беларусь), у г.Рызе і Тэрвэтэ (Латвія) і інш.
З гэтага экскурса ў гісторыю суполкі і распачаў адкрыццё юбілейнай выставы бяззменны старшыня аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» Вячка Целеш.
Шматгадовая дзейнасць творчай суполкі беларускіх мастакоў заслужыла прызнанне і павагу ў нашай краіне і за яе межамі. Вось і падчас святкавання пятнаццацігадовага юбілею сябры суполкі Маргарыта Астравумава і Васіль Малышчыц былі ўшанаваны Ганаровай граматай Міністэрства культуры Латвіі, якім мастакам уручыла прадстаўнік Міністэрства культуры Латвіі Дагмара Прыберга.
Павіншаваць беларускіх мастакоў са святам прыйшлі сябры, землякі і калегі - мастакі, сярод якіх такія прызнаныя дзеячы латвійскай культуры, як мастакі Мікалай Увараў, Павел Цюрын, Андрэйс Германіс, скульптар Яніс Струпуліс, мастацтвазнаўца Марыс Бранцыс і інш.
Асаблівую сардэчнасць імпрэзе надало выступленне юных беларускіх зорачак - Людмілы і Лауры Ігнатавых, салістак гурта "Сьвітанак". Беларускія народныя песні ў іх выкананні змяняліся рамансамі пад шчырыя апладысменты гасцей імпрэзы. Сапраўдным сюрпрызам для ўдзельнікаў свята стала выступленне вельмі прыгожага опернага дуэта - саліста Латвійскай нацыянальнай оперы Алега Арлова і маладой таленавітай спявачкі Людмілы Ігнатавай. А як пранікнённа і шчыра гучалі ўласныя вершы Людмілы, адзін з якіх яна прысвяціла Вячаславу Міхайлавічу Целешу.
Здаецца, аксіома - сапраўднае мастацтва не ведае межаў, ні моўных, ні геаграфічных. У гэтым таксама можна было пераканацца на свяце, дзе побач з беларускай гучала расейская і латышская мова. Вось толькі адзін яскравы прыклад. Латышская журналістка Айя Штоса прыехала на свята з Тэрветэ. Менавіта беларускі мастак Вячка Целеш у сваіх карцінах адкрыў свету прыгажосць тэрвецкіх краявідаў. А першым журналістам, які звярнула ўвагу на мастака, была менавіта латышская журналістка Айя Штоса.
Ці вось такая цікавая акалічнасць. Юбілейная выстава "Маю гонар" ладзілася ў вельмі прыгожай зале Цэнтра культуры народнай творчасці " Ritums". А пазнаёміліся рыжане дзякуючы юным мастакам з палескага горада Мазыр. Творчыя калектывы з Рыгі і Мазыра сябруюць не першы год. І вось дырэктар Цэнтра культуры Вія Леіетэ вырашыла запрасіць юных мастакоў, выхаванцаў гарадской студыі выяўленчага мастацтва на свята - 804 дзень нараджэння Рыгі. Мозырскіх дзяцей чакаў незабыўны тыдзень у Латвіі. Для іх ладзіўся і плэнэр, і шматлікія паездкі, і творчыя сустрэчы. Тады спадарыня Леіетэ і звязалася з мясцовымі беларускімі таварыствамі "Сьвітанак" і "Маю гонар" і запрасіла іх на выставу юных беларускіх талентаў. Падчас гэтай сустрэчы кіраўнік аб'яднання Вячаслаў Міхайлавіч Целеш выказаў мару наладзіць тут юбілейную выставу беларускіх мастакоў. І вось прайшоў час і "Ritums" гасцінна расчыніў дзверы перад беларускімі мастакамі і прыхільнікамі іх творчасці.
Шмат добрых слоў у адрас беларускіх мастакоў прагучала на свяце. Былі выказаны і канкрэтныя прапановы. Так, напрыклад, Генадзь Курлянкоў, дырэктар мастацкай школы, запрасіў мастакоў да сябе ў Нарву, а старшыня АНКМЛ Раффі Хараджанян прапанаваў правесці абменныя выставы латвійскіх мастакоў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў Латвіі з эстонскімі мастакамі. Дарэчы, сябры "Маю гонар" актыўна прапагандуюць беларускае мастацтва ў Латвіі, яны прымаюць плённы ўдзел у шматлікіх выставах. Вось і зараз беларускія мастакі ўдзельнічаюць у выставе "Еўропа і мы", якая адчынілася на днях у Доме Рэйтэрнаі.
А пакуль што аматары мастацтва могуць пазнаёміцца з юбілейнай выставай беларускіх мастакоў, якая стала сапраўдным падарункам для рыжан і гасцей сталіцы. Дарэчы, што тычыцца падарункаў. Госці беларускага вернісажу атрымалі не толькі асалоду ад новай сустрэчы з творчасцю беларускіх мастакоў, але магчымасць пабліжэй пазнаёміцца з іх працамі. Да свайго пятнаццацігоддзя аб'яднанне пры падтрымцы Дэпартамента культуры Рыжскай Думы выдала каляровы буклет. Першымі яго ўладальнікамі якраз і сталі госці выставы.
Таццяна Касуха