"Шляхамі Бацькаўшчыны"

29 студзеня 2009, 12:43



«Шляхамі Бацькаўшчыны» - так называецца выстава твораў Вячкі Целеша, што адчынілася ў фальварку «Добрыя мысьлі» ў Мінску 11 ліпеня. Выстава прысвечана 70-годдзю беларускага мастака. "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" аказала дапамогу ў арганізацыі выставы.

Сярод экспанаванай графікі Вячкі Целеша - экслібрысы, прысвечаныя вядомым беларусам. На адкрыццё выставы мастак прыехаў з Латвіі, дзе жыве апошнія 50 гадоў. Вячка Целеш працуе ў розных жанрах станковага жывапісу і графікі, а таксама ў экслібрысе. Многія яго творы звязаныя з беларускай нацыянальнай ідэяй.

«Вячка Целеш - сапраўдны наш адраджэнец», - кажа пра яго мастак Віктар Маркавец. «Свядомая беларуская грамадзянская пазіцыя - яго адметнасць. Натуральна, што яна з'яўляецца асновай, каб быць класікам у тых жа экслібрысах».

На думку Віктара Маркаўца, у экслібрысах Вячка Целеш спалучыў веданне роднай літаратуры і гісторыі з адчуваннем сваіх сяброў - вядомых дзеячоў Беларусі, якім ён прысвячаў свае творы.

«Нездарма гэтыя творы набылі сусветную вядомасць і ўвайшлі ў лепшыя каталогі і энцыклапедыі ўсяго свету» - кажа Віктар Маркавец на адкрыцці выставы.

Вячка Целеш мае сапраўды сусветную вядомасць. Яго жывапіс і графіка знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях ЗША, Канады, Швейцарыі, Францыі ды іншых краінаў. Імя Вячкі Целеша ўнесена ў міжнародныя каталогі экслібрысу, а таксама ў «Сусветную энцыклапедыю мастакоў усіх часоў і народаў». У 2006 годзе, Вячка Целеш быў ушанаваны вышэйшай узнагародай Латвійскай Рэспублікі - Ордэнам Трох Зорак.

Аднак на Радзіме вялікая персанальная выстава Вячкі Целеша - рэдкасць.

«Я шчаслівы, што ў той час, калі Беларусь была пад бел чырвона белым сцягам, усе мы жылі сапраўды вялікай надзеяй», - кажа мастак, - «шчаслівы, што менавіта тады ў Нацыянальным музеі мяне ўспрымалі. Тады я казаў - і газеты пісалі - пра «вяртанне Вячкі».

У наш час, няма магчымасцяў даставіць у Беларусь многія з работаў Вячкі Целеша па лініі мінкультуры, як гэта было пятнаццаць гадоў таму.

«Сюды я вёз тое, што мне было пад сілу, таму што графіку ўзяць лягчэй. Жывапіс, карціны - гэта зараз немагчыма», - кажа Вячка Целеш.

Але новая выстава - «ня проста агляд таго, што зрабіў за гэты перыяд, да гэтага году. Я ўсім казаў, што еду на сустрэчу з маімі сябрамі, маімі аднадумцамі - беларусамі», - кажа мастак

Адкрыццё выставы наведалі Алесь Белы, Генадзь Бураўкін, Георгій Ліхтаровіч, многія вядомыя беларусы; шмат хто выступіў са словамі ўдзячнасці і павагі ў бок Вячкі Целеша.

Адзін з выступоўцаў, паэт Алесь Разанаў, кажа пра мастака:

«Ён даследуе, ён творыць даследуючы, ён адраджае, дае слова, дае вобраз таму, што ўжо знікае, таму, што ўжо ўваходзіць у вечнасць. Таксама, уся Беларусь - беларуская мова, беларуская рэчаіснасць - яна моцна спалучаная, звязаная з гэтай з'явай, якая называецца «вечнасць», і Вячка Целеш - яе пасол».

                                   Паводле "Нашай Нівы"

 

 

20 лістапада 2011

"Адзіныя ў разнастайнасці - 2011".

Штогод Асацыяцыя нацыянальна-культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч з нагоды свайго дня нараджэння ладзіць традыцыйны фестываль мастацтваў

 

9 снежня 2010

Заснаваная літаратурная прэмія імя Максіма Багдановіча

 

У дзень народзінаў Максіма Багдановіча Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў і Літаратурны музей імя Максіма Багдановіча абвясцілі пра заснаванне літаратурнай прэміі. Яна будзе ўручацца за найлепшы дэбют года ў трох намінацыях - паэзія, проза і пераклад.

 

 

v0.1.2-beta